У Нямеччыне ў выніку нажавога нападу загінулі трое чалавек

Золінгэн пасьля здарэньня

Невядомы з нажом напаў на наведвальнікаў фестывалю ў Золінгэне на захадзе Нямеччыны. Забітыя тры чалавекі, як мінімум пяцёра атрымалі цяжкія раненьні. Злачынец уцёк.

Аб гэтым піша Bild.

У паліцыі паведамляюць, што нападнік наносіў бязладныя ўдары нажом, і кваліфікуюць тое, што здарылася як мэтанакіраваную атаку на людзей. Злачынцу шукаюць. Жыхароў папрасілі не выходзіць з дому.

Загінулыя — жанчына і двое мужчын. Напад адбыўся на ажыўленым пляцы ў цэнтры Золінгэна — наўпрост перад сцэнай, на якой выступалі музыкі ў гонар 650-годзьдзя горада.

Пасьля здарэньня наведвальнікі фэстывалю, хоць і былі ў шоку, спакойна пакінулі плошчу, піша Бі-бі-сі. Сьвяточныя мерапрыемствы, якія павінны былі працягнуцца да 25 жніўня, адмененыя, адзначае Deutsche Welle.

«Сёньня ўвечары мы ўсе ў Золінгэне ў шоку, жаху і вялікім смутку. Мы хацелі разам адсьвяткаваць гадавіну нашага горада, а зараз нам даводзіцца аплакваць загінулых і параненых», — напісаў мэр Золінгэна Цім Курцбах у фэйсбуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш чым у паўтары разы павялічылася колькасьць выпадкаў атручэньня грыбамі