Па выніках візыту старшыні Дзяржсавету КНР быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненьняў. Сярод іх пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю паслугамі і інвэстыцыямі, а таксама пагадненьні аб умацаваньні супрацоўніцтва ў галінах бясьпекі, энэргетыкі і фінансаў.
У прыватнасьці, плянуецца запусьціць пяць прамысловых праектаў на агульную суму 1 мільярд даляраў. Яшчэ 12 прамысловых праектаў на суму 2 мільярды даляраў знаходзяцца на стадыі зацьвярджэньня, гаворыцца ў сумеснай заяве.
Падпісаныя пагадненьні таксама прадугледжваюць наладжваньне больш цеснага супрацоўніцтва Беларусі з урадамі муніцыпалітэту цэнтральнага падпарадкаваньня Чунцін і правінцыі Шэньсі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў прэм’еру Дзяржаўнай рады КНР, якіх інвэстпраектаў чакае ад ПэкінуАднак, як адзначае выданьне «Беларусы і рынак» , візыт кітайскага прэм’ера і падпісаньне дамоваў адбывалася на фоне росту праблемаў у двухбаковым гандлі.
Выданьне адзначае, што па выніках студзеня-чэрвеня 2024 году таваразварот Беларусі з Кітаем адносна аналягічнага пэрыяду мінулага году зьнізіўся на 13,2% — да 3,9 млрд даляраў. Пры гэтым імпарт з КНР павялічыўся — да 2,9 млрд даляраў, а беларускі экспарт у Кітай за паўгодзьдзе скараціўся на 37,2% — да 994,9 млн даляраў. У выніку адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Кітаем наблізілася да 2 млрд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злом трэнду праз вайну і санкцыі. Глядзім, як Беларусь гандлюе з Расеяй і КітаемПа выніках студзеня — траўня пастаўкі Беларусьсю калійных угнаеньняў у Кітай склалі 393 млн даляраў, гэта амаль на 50% менш, чым летась. Зьмяншэньне назіралася і ў экспарце харчаваньня: пастаўкі рапсавага алею ў першым паўгодзьдзі 2024 году скараціліся больш як у два разы — са 130 да 45 млн даляраў, зьнізіліся і пастаўкі мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі — з 172,2 млн да 94,4 млн даляраў.
Кітай — ужо другі па велічыні гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі, а дзяржаўнае кітайскае выданьне China Daily паведамляе, што двухбаковы тавараабарот у 2023 годзе перавысіў 8,4 мільярда даляраў.