На волю праз памілаваньне выйшлі хворы на рак Павал Кучынскі, экс-журналіст БТ Дзьмітрый Лукша і ягоная жонка Паліна Палавінка.
«З Маладэчна прыйшла да мяне добрая вестка: вызвалілі анкахворага палітвязьня Паўла Кучынскага, — паведаміў праваабаронца Аляксандар Капуцкі на сваёй старонцы ў Facebook. — Праўда, як перадае яго сябар, прывезьлі хлапца з турэмнай лякарні ў гарадзкую ў ня вельмі, мякка кажучы, здавальняючым стане — з пнэўманіяй».
Паўлу Кучынскаму 29 гадоў, ён інвалід 1-й групы. Гэтую групу яму паставілі ўжо ў зьняволеньні. Асудзілі маладога чалавека паводле 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу за камэнтары ў інтэрнэце. Павал Кучынскі з Маладэчна, але судзілі яго ў Вілейскім раённым судзе, суд праходзіў у закрытым рэжыме. Судзьдзя Канстанцін Калядаў прысудзіў Кучынскаму 5 гадоў пазбаўленьня волі, хоць ведаў ягоны дыягназ — лімфома Ходжкіна 4-й ступені, рэдкае і небясьпечнае захворваньне, несумяшчальнае са знаходжаньнем у вязьніцы. Пазьней у выніку апэляцыі прысуд Паўлу Кучынскаму быў зьменшаны толькі на 3 месяцы. З чэрвеня палітвязьня ўтрымлівалі ў рэспубліканскім турэмным шпіталі пры СІЗА-1.
Крыніцы «Нашай нівы», у сваю чаргу, паведамілі пра вызваленьне (адбылося яшчэ 3 ліпеня) экс-журналіста БТ Дзьмітрыя Лукшы і ягонай жонкі Паліны Палавінкі. Былому журналісту Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатнаму карэспандэнту казахстанскага тэлеканалу «Хабар 24» у канцы 2022 году прысудзілі 4 гады калёніі, а ягонай жонцы Паліне — 2,5 года калёніі. Іх абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак увечары 22 жніўня са спасылкай на Службу хуткай гуманітарнай дапамогі паведаміў, што вядомыя 22 прозьвішчы вызваленых палітвязьняў.
Раней сталі вядомыя прозьвішчы 11 палітзьняволеных, што выйшлі на волю па ўказе аб памілаваньні, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 16 жніўня. Сярод іх 9 жанчын і два мужчыны.
Поўны сьпіс агучаных раней прозьвішчаў вызваленых вязьняў:
- Ксенія Луцкіна,
- Вольга Новікава,
- Ала Зуева,
- Вольга Стаброўская,
- Васіль Берасьнеў,
- Ірына Санкоўская,
- Кацярына Леў,
- Натальля Пятровіч,
- Тамара Каравай,
- Сьвятлана Палуэктава,
- Яўген Чуміла.
16 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 асобаў, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці».
Сярод памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. Таксама ёсьць пэнсіянэры. Прозьвішчаў памілаваных афіцыйна не называлі, сам указ не публікаваўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць вызваленых праз памілаваньне палітзьняволеных жанчын мелі выйсьці на волю ў найбліжэйшыя месяцы, яшчэ дзьве — налета ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заклікаў Менск «безумоўна вызваліць» усіх палітвязьняў, згадаў пра журналіста Свабоды Ігара Лосіка