Украіна выкарыстала амэрыканскія боепрыпасы для авіяўдару па Курскай вобласьці. У Пэнтагоне пракамэнтавалі

Горад Суджа Курскай вобласьці 16 жніўня 2024 году. Фота AP

Ва Ўкраіне заявілі аб кантролі над 93 населенымі пунктамі Курскай вобласьці Расеі.

Камандуючы Паветраных сіл Украіны Мікола Аляшчук апублікаваў відэазапіс нанясеньня авіяўдару па расейскім вайсковым аб’екце ў Курскай вобласьці з выкарыстаньнем амэрыканскіх боепрыпасаў.

«Так выглядае авіяўдар Паветраных сіл высокадакладнымі амэрыканскімі бомбамі GBU-39 па ўзводным апорным пункце ў Курскай вобласьці», — паведаміў Мікола Аляшчук.

Паводле яго, у выніку ўдару зьнішчылі пункт кіраваньня бесьпілётнікамі, падразьдзел радыёэлектроннай барацьбы, тэхніку і іншае ўзбраеньне.

Камэнтуючы другі відэазапіс, камандуючы Паветранымі сіламі Ўкраіны адзначыў, што такім чынам «у 20 датах жніўня» ўдалося зьнішчыць дзьве маставыя пераправы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курскай вобласьці эвакуавалі 133 тысячы жыхароў, у Белгарадзкай закрылі 35 населеных пунктаў

У ЗША пацьвердзілі дазвол на выкарыстаньне сваіх боепрыпасаў

Намесьніца прэсавага сакратара Пэнтагону Сабрына Сынґг на брыфінгу 22 жніўня паведаміла, што разглядаюць украінскую апэрацыю ў Курскай вобласьці як намер стварыць «буфэрную зону».

«З пункту гледжаньня іхнай мэты я б хацела спаслацца на прэзыдэнта Зяленскага, які сказаў некалькі дзён таму аб намеры стварыць буфэрную зону. У нас ёсьць яшчэ некалькі пытаньняў на гэты конт. Мы спрабуем больш зразумець, як гэта ўвязваецца ў іх стратэгічныя мэты на полі бою», — адзначыла яна.

Намесьніца прэсавага сакратара Пэнтагону дадала, што ЗША дазваляюць выкарыстоўваць амэрыканскія боепрыпасы ў баях на памежнай тэрыторыі.

«Наша палітыка сапраўды дазваляе Ўкраіне весьці сустрэчны агонь, каб абараніць сябе ад расейскіх нападаў, якія адбываюцца ў памежных рэгіёнах. І сярод такіх памежных рэгіёнаў — Курская вобласьць», — дадала Сабрына Сынґг.

У той жа час, паводле яе слоў, ЗША спрабуюць высьветліць пляны Ўкраіны аб памерах буфэрнай зоны і агульных маштабах гэтай апэрацыі.

«Гэта тое, над чым мы працягваем працаваць — якія іх стратэгічныя мэты па стварэньні гэтай буфэрнай зоны і як, калі яны плянуюць, яна будзе пашырацца. Гэта пытаньні, якія мы працягваем задаваць», — адзначыла намесьніца прэсавага сакратара Пэнтагону Сабрына Сынґг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі наведаў рэгіён, адкуль украінскае войска пачала сваю апэрацыю ў Курскую вобласьць
  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу.
  • З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
  • З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, на 22 жніўня ўкраінскія сілы ўзялі пад кантроль 93 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Паводле Зяленскага, адна з мэтаў украінскіх войскаў — стварэньне «буфэрнай зоны» на расейскай тэрыторыі.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • Расейская служба BBC у апошнім аглядзе сытуацыі ў рэгіёне 22 жніўня пісала, што за мінулыя суткі значных зьменаў на лініі фронту ў Курскай вобласьці не адбылося. Бакі надалей падцягвалі рэзэрвы, праводзілі перагрупоўкі і ўмацоўвалі занятыя пазыцыі. Усё больш ускладняецца становішча расейскай групоўкі, якая абараняе памежжа на поўдзень ад ракі Сейм. Пасьля вываду са строю ўсіх трох мастоў праз раку расейскія часткі на левым беразе апынуліся ў ізаляцыі, спробы наладзіць пантонныя пераправы цярпяць няўдачу, адзначае ў сваёй публікацыі BBC.
  • Улады Расеі паведамілі аб эвакуацыі з Курскай вобласьці 133 тысяч жыхароў і закрыцьці 35 населеных пунктаў у Белгарадзкай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўмацоўваецца ў Курскай вобласьці. У Бранску заявілі аб новай спробе прарыву