Камала Гарыс пагадзілася прыняць намінацыю на ўдзел выбарах прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі і паабяцала працягваць вайсковую падтрымку Ўкраіны і ўзмацненьне NATO.
Як паведаміў «Голас Амэрыкі», пра гэта Камала Гарыс заявіла 22 жніўня ў часе сваёй прамовы на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў Чыкага.
«Як прэзыдэнтка я буду цьвёрда падтрымлвіаць Украіну і нашых хаўрусьнікаў па NATO», — заявіла Камала Гарыс.
«Я ніколі ня буду вагацца ў абароне бясьпекі і ідэалаў Амэрыкі, таму што ў бесьперапыннай барацьбе паміж дэмакратыяй і тыраніяй я ведаю, на чым я стаю», — падкрэсьліла яна.
У апошні дзень Нацыянальнага зьезду Дэмакратычнай партыі ЗША дзейная віцэ-прэзыдэнтка краіны Камала Гарыс заявіла:
«Я ведаю, што сёньня ўвечары нас глядзяць людзі з рознымі палітычнымі поглядамі. І я хачу, каб вы ведалі: я абяцаю быць прэзыдэнтам для ўсіх амэрыканцаў. Я буду прэзыдэнтам, які аб’яднае нас вакол нашых самых высокіх памкненьняў. Прэзыдэнтам, які вядзе, — і слухае».
Гарыс заклікала амэрыканцаў выкарыстоўваць маючыя адбыцца выбары як «каштоўную магчымасьць намеціць шлях наперад». Яна таксама заявіла, што ЗША могуць сутыкнуцца зь небясьпечнымі наступствамі, калі да ўлады вернецца Дональд Трамп. Гарыс назвала яго «несур’ёзным чалавекам», які адкіне ЗША назад.
У выпадку сваёй перамогі на выбарах Гарыс паабяцала працягваць падтрымліваць Украіну і саюзьнікаў ЗША па NATO. Паводле яе, пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня яна дапамагала «мабілізаваць глябальны адказ» для таго, каб Украіна змагла абараніцца.
Днём раней дэлегаты Дэмакратычнай партыі фармальна зацвердзілі Гарыс кандыдаткай у прэзыдэнты на маючых адбыцца выбарах у лістападзе. За гэта прагаласавалі 4566 чалавек.
Дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 21 ліпеня аб’явіў аб выхадзе з прэзыдэнцкай гонкі і прапанаваў кандыдатуру Гарыс на вылучэнне ад Дэмакратычнай партыі. Яна стала першай цемнаскурай жанчынай і першай азіяткай, якая ўзначаліла сьпіс кандыдатаў партыі, атрымаўшы 99 адсоткаў галасоў дэмакратаў.
Выбары ў ЗША пройдуць пятага лістапада 2024 году.
6 жніўня віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс, якая цяпер прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта краіны ад дэмакратаў, выбрала ў якасьці кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты на лістападаўскіх выбарах губэрнатара Мінэсоты Тыма Ўолза.
Выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада 2024 году. Каміла Гарыс будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта з кандыдатам ад рэспубліканцаў Дональдам Трампам і ягоным кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты Джэем Вэнсам.