Раней Эўракамісія запатрабавала ад Вугошчыны тлумачэньняў з прычыны зьмякчэньня ўмоваў уезду для беларусаў і расейцаў. Ліст з адказам эўрачыноўнікам напісаў кіраўнік МУС Вугоршчыны Шандар Пінтэр, паведамляе Magyar Nemzet. У ім гаворыцца, што рашэньне не падвышае пагрозу бясьпецы для краін ЭЗ.
«З боку Вугоршчыны ў выпадку падачы заявы на атрыманьне нацыянальнай карты будуць праводзіцца тыя ж міграцыйныя праверкі і праверкі бясьпекі, што і ў выпадку зь іншымі дазволамі на жыхарства. Нацыянальная карта выдаецца з улікам адпаведных правілаў Эўразьвязу і магчымых рызык бясьпекі», — запэўнівае ў лісьце Шандар Пінтэр.
Што датычыцца пашырэньня сьпісу дзяржаў – удзельніц праграмы, дык у лісьце міністра падкрэсьлівае, што гэта зроблена «ў адпаведнасьці з заканадаўствам Вугоршчыны і ЭЗ».
Паводле кіраўніка МУС Вугоршчыны, рашэньне было прынята «з улікам аспэктаў рынку працы і канкурэнтаздольнасьці, адаптаваных да бягучай эканамічнай сытуацыі» і яно ніякім чынам не паўплывае на праверку грамадзян Беларусі і Расеі на магчымую пагрозу нацыянальнай і грамадзкай бясьпекі. Працэс праверкі ня будзе спрошчаны, ён застанецца строгім, адзначыў міністар.
Шандар Пінтэр таксама падкрэсьліў, што менш за 1% грамадзян Расеі і Беларусі, якія жывуць у Эўразьвязе, пражываюць у Вугоршчыне, і «значна больш пражывае ў Нямеччыне, а таксама ў Гішпаніі, Італіі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы». Паводле яго, у Вугоршчыне не чакаюць, што колькасьць грамадзян Беларусі і Расеі, якія падалі заяўкі на атрыманьне «нацыянальнай карты», істотна перавысіць колькасьць раней пададзеных дазволаў на жыхарства.
У канцы ліста таксама паведамляецца, што ў ліпені, пасьля пашырэньня праграмы на грамадзян Беларусі і Расеі, заявы на атрыманьне «нацыянальнай карты» падалі ўсяго 33 чалавекі (27 расейцаў і 6 беларусаў), зь іх дазвол пакуль атрымалі толькі сямёра: пяць расейцаў і двое беларусаў. Астатнія заяўкі пакуль знаходзяцца на разглядзе.
- З 9 ліпеня Вугоршчына пашырыла праграму «нацыянальнай картыy («Nemzeti Kártya») на беларусаў і расейцаў. Гэта аналяг працоўнага дазволу на жыхарства, які выдаецца на 2 гады тым, хто хоча працаваць у гэтай краіне. Пасьля яе можна будзе працягнваць на тры гады неабмежаваную колькасьць разоў. Праз тры гады ўладальнік карты можа атрымаць сталы дазвол на жыхарства. Раней «нацыянальныя карты» былі даступныя толькі грамадзянам Украіны і Сэрбіі, але з 9 ліпеня іх дзеяньне пашырылі на грамадзян Беларусі, Босьніі і Герцагавіны, Малдовы, Расеі, Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі.
- У канцы ліпеня Эўракамісія запатрабавала тлумачэньняў ад Вугоршчыны з прычыны пашырэньня праграмы нацыянальнай карты на беларусаў і расейцаў, а пасьля ў Эўрапарлямэнце нават заклікалі выключыць Вугоршчыну з Шэнгенскай зоны.