«Вусатая нявеста»
Аднымі зь першых кпіць з Аляксандра Лукашэнкі пачалі аўтары праграмы «Лялькі», якая выходзіла штотыдзень з 1994-га па 2002 год на тады яшчэ незалежным расейскім канале НТВ. Сэрыя 1997 году «Першы беларускі» вельмі жорстка высьмейвала Лукашэнку і ягонае жаданьне заняць Крэмль.
«Калгасны маньяк», «Вусатая нявеста» (дзе ў ролі жаніха Барыс Ельцын, а нявесты — Лукашэнка), «Сашко і ягоныя гены», «Брат-3», «Ідзіце ў лазьню», «Буйны памешчык» (дзе Лукашэнка ў вобразе гогалеўскага Наздрова — аматара сабак, папоек і заўзятага карцёжніка) — гэта толькі невялікі пералік сэрый з удзелам «кіраўніка Беларусі». Стваральнік «Лялек», журналіст Віктар Шэндэровіч успамінаў, што Лукашэнка жудасна абураўся праграмай, але «дацягнуцца» да НТВ ня мог.
Затое калі ў 2007 годзе беларусы Андрэй Абозаў і Павал Маразоў стварылі «Мультклюб» і разьмясьцілі на сваім сайце сатырычныя мультфільмы пра Лукашэнку, на іх завялі крымінальныя справы. Абодвум аўтарам тады ўдалося ўцячы ў Эстонію, дзе яны папрасілі палітычнага прытулку.
Перад выбарамі 2010 году зьявіўся ролік «Схавай бабулін пашпарт».
Як толькі ён выйшаў, у стваральнікаў пачаліся праблемы. Рэжысэра Яўгена Шапчыца звольнілі зь Беларускай тэлевізіі, актора Паўла Бандзіча, які сыграў ролю зборшчыка подпісаў, звольнілі з Сахараўскага ўнівэрсытэту, ну, а «ўнука» Алега Ануфрыенку адлічылі з БДУ.
Пасьля 2020 году рэакцыя беларускіх уладаў на гумар і сатыру ў свой адрас стала яшчэ больш жорсткай.
«Жарты пра Лукашэнку скончыліся яшчэ да выбараў»
Многія людзі, якія жывуць не ў Беларусі, да 2020 году ўяўлялі сабе Лукашэнку па анэкдотах, мультфільмах, пародыях і хохмах, кажа ў размове са Свабодай былы гулец адной зь беларускіх камандаў КВЗ, які назваўся Андрэем.
«Пэрсанаж ён калярытны, і з Лукашэнкі кпілі многія беларускія клюбы „вясёлых і знаходлівых“. Гледачы і сябры журы шчыра рагаталі, усе жарты (нават, на мой погляд, ня вельмі ўладыя) атрымлівалі шквал аплядысмэнтаў. Але яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў жарты скончыліся», — расказаў гумарыст.
У лютым 2020 году выпуск 1/8 фіналу КВЗ, дзе гуляла беларуская каманда, канал АНТ зьняў з этэру. Афіцыйна «з тэхнічных прычынаў», расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці былы гулец КВЗ. Жарты там былі прыкладна такія:
«У Беларусі прэзыдэнцкія выбары. На сцэне зьяўляецца чалавек з канвэртам у руках. Прамаўляе: „Прэзыдэнтам РБ становіцца АРЛ“. Народ сьмяецца. Да яго падбягае іншы гулец, паказвае на канвэрт. Той ірве яго, дастае паперу і раве: „АРЛ!“ Выбух аплядысмэнтаў.
Яшчэ адзін жарт: „Зараз модна перапісваць гісторыю. Беларусь не засталася ўбаку. У першы дзень беларусы стварылі зямлю, а каб нам было з кім сябраваць, беларусы стварылі Расею. Жанна д’Арк змагалася за незалежнасьць Францыі ад Беларусі“.
Успамінаю яшчэ: „Папраўдзе, апостал Лука — гэта не імя, а недапісанае прозьвішча“.
Ну і кшталту такога: „Прыйшла новая ўстаноўка беларускім навукоўцам: „Бярыце рыдлёўкі і шукайце нафту. Вам далі год“. Другі пярэчыць: „А калі ня знойдзем?“ — „Дадуць па пяць“, — па памяці пералічвае некаторыя жарты Андрэй.
У Расеі той выпуск яшчэ паказалі, у Беларусі ўжо не. Потым з камандай правялі „тлумачальную працу“. Гумарысты ўсё зразумелі, у іх зьнікла жаданьне кпіць зь першай асобы дый наагул з праблем краіны, кажа суразмоўца.
Падтрымка пратэстаў комікамі
Многія беларускія комікі — Слава Камісаранка, Іван Усовіч, Ідрак Мірзалізадэ ды іншыя — падтрымалі ў 2020 годзе пасьлявыбарныя пратэсты, але пэўны час яшчэ працягвалі выступаць.
Стэндапэр, комік Міхась Ільін кажа, што 2020-ы і першая палова 2021 году былі адносна залатым часам для беларускага гумару.
„Былі даволі сьмелыя, вострыя жарты. А прыкладна зь лета 2021 году, калі адбылася зачыстка грамадзкага сэктару, разграмілі СМІ, зьявіліся абмежаваньні. Нават арганізатары канцэртаў казалі: „Давай сёньня ты ня будзеш жартаваць з Лукашэнкі, абыдземся без жартаў пра палітыку, бо ў мяне ці ў пляцоўкі могуць узьнікнуць праблемы“, — успамінае Міхась Ільін.
Ён расказаў сваю гісторыю, якая адбылася ў верасьні 2021 году, калі нейкая праўладная актывістка паскардзілася на яго ўладам перад выступам у Барысаве.
„Гэтая жанчына прычапілася да нашай афішы, дзе быў адзін комік, якога затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 году. І яна абурылася. У выніку яе скаргі і фактычна даносу гэты наш выступ у Барысаве адмянілі. Ну і была такая негалосная забарона: калі на афішы будзе маё фота, гэтае мерапрыемства не адбудзецца. Мне перадавалі такое непасрэдна ад пэўных людзей. І я вырашыў увосень 2021 году, што трэба ехаць зь Беларусі“, — расказаў сваю гісторыю Міхась Ільін.
Міхась дадае, што амаль усе комікі, хто асудзіў гвалт і дакладна акрэсьліў сваю пазыцыю, выехалі. Хтосьці пасьля пэўных намёкаў, хтосьці перастрахаваўся.
„Хтосьці, праўда, застаўся, і зьяўляюцца новыя людзі, але са зразумелых прычынаў гумар, які цяпер у Беларусі, ня востры ў палітычным сэнсе. Там няма ні намёка на палітыку, на беларушчыну. Гэта я кажу не з прэтэнзіяй, а з разуменьнем, што людзі вымушаныя цяпер жартаваць вось так“, — кажа Міхась Ільін.
Частку сацсетак Ільіна прызналі экстрэмісцкімі: Instagram, TikTok, Facebook.
Спэцвядзеньне для коміка
Яшчэ на пачатку студзеня 2021 году ў Беларусі забаранілі канцэрты стэндапэра Славы Камісаранкі — адазвалі гастрольнае пасьведчаньне. Паводле Сьледчага камітэту, прычынай сталі жарты ў шоў „Што было далей“. Там комік назваў Лукашэнку „Чык-чырыкам“ і сказаў, што ў яго „фляга сьвісьціць“.
Сам Камісаранка пазьней пажартаваў, што „іншым канцэрты адмяняе каранавірус, а мне — галоўны ковід-дысыдэнт“, маючы на ўвазе самаго Лукашэнку, які на пачатку пандэміі пагардліва ставіўся да агульнай тэндэнцыі самаізаляцыі і перасцярог.
У 2022 годзе Камісаранку прыйшлося выяжджаць ужо і з Расеі, у вышук яго абвясьціў КДБ Беларусі. У сярэдзіне жніўня 2024-га стала вядома, што супраць Камісаранкі беларускі Сьледчы камітэт распачаў „спэцыяльнае вядзеньне“. Камісаранку інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 КК („Распальваньне варожасьці“), ч. 2 арт. 367 („Паклёп на прэзыдэнта“) і арт. 368 („Абраза прэзыдэнта“). Коміка будуць судзіць завочна. Але запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсьці на размову. На што Камісаранка пажартаваў, што ў яго, на жаль, не атрымліваецца. І падзякаваў, што ёсьць магчымасьць „дыстанцыйна вырашыць пытаньнечка“.
Калега па цэху Міхась Ільін не зьдзіўляецца, што першым пад крымінальнай справай апынуўся менавіта Камісаранка.
„Тут найперш маштаб мэдыйнасьці. Магчыма, у Славы ёсьць маёмасьць у Беларусі, пасьля суду адціснуць. Ня думаю, што справы лукашэнкаўскага рэжыму ў фінансавым пляне тая адціснутая кватэра неяк палепшыць.
Гэта хутчэй, каб насаліць, каб былі пэўныя праблемы ў родных. Думаю, спэцвядзеньне крышачку пагаршае перасоўваньне па-за межамі Беларусі, у некаторыя краіны не пажадана прыяжджаць“, — разважае Міхась Ільін.
На пытаньне, чаму беларускія ўлады так панічна баяцца гумару, сатыры і так нэрвова рэагуюць нават на комікаў, ён адказаў так:
„Я ня думаю, што гэта боязь гумару. Гэта проста нелюбоў да любой крытыкі. Мы ведаем, што Слава Камісаранка пасьля 2020 году пачаў вельмі часта выказвацца і жартаваць менавіта на гэтыя тэмы. Я мяркую, што гэта барацьба зь любым іншадумствам. І гэта датычыць ня толькі гумарыстаў, а людзей розных сфэраў — пра журналістыку я ўжо не кажу, закрылі ўсе незалежныя СМІ. Гумарысты таксама ня маюць магчымасьці, знаходзячыся ў Беларусі, сьмела жартаваць“ — выказаў сваю думку комік, стэндапэр Міхась Ільін.
Сатырычныя каналы
Нягледзячы на перасьлед гумарыстаў, у сеціве працягваюць зьяўляцца сатырычныя каналы, якія высьмейваюць як беларускіх чыноўнікаў і ўлады ўцэлым, так і асабіста Аляксандра Лукашэнку. Сярод іх „Лукашолкі“, дзе дзьве бабкі абяцаюць навучыць „бацьку нашага любіць“. „Запаведнік“, які выходзіць на DW („Нямецкай хвалі“). Паводле яго сцэнару, у радыяактыўным запаведніку Воўк, Заяц, Варона і Пугач са „зьвярынай дабрынёй“ аналізуюць апошнія тэленавіны, спрабуючы адказаць на галоўнае пытаньне: палітыкі звар’яцелі ці ім дастаўся не дастойны іх народ?
У траўні Баранавіцкі раённы суд прызнаў анімацыйнае шоў „Запаведнік“ „экстрэмісцкімі матэрыяламі“.
Доўгажыхар у сеціве — канал „ЧынЧынЧэнэл“ які вядуць два „беларускія чыноўнікі“ (іх увасабляюць экс-купалаўцы Міхаіл Зуй і Дзьмітры Есяневіч).
Раней ў інтэрвію Свабодзе Міхаіл Зуй расказваў, што сцэнкі пра чыноўнікаў пачаліся з „капусьнікаў“ у Купалаўскім тэатры яшчэ гадоў 8 таму. На першым паказе „ЧынЧынЧэнэла“ ў Менску былі міністры, чыноўнікі высокага рангу. Ім нібыта спадабалася, нават адзін чыноўнік зь Мінкульту сказаў: „Хлопцы, як здорава вы нас прапясочылі!“
З 2020-га „ЧынЧынаў“ можна знайсьці ў сеціве. Выйшлі ўжо дзясяткі ролікаў, цэлыя сэрыі: „ЧынЧыны ў мундзірах“, „ЧынЧыны на колах“, „ЧынЧыны выклікаюць „на дыван“, „ЧынЧыны“ праляцелі зязюляй».
«Я б не спадзяваўся, што гэты маразм скончыцца хутка»
Міхаіл Зуй, які грае ролю чыноўніка Сяргея Мікалаевіча, кажа, што прынамсі ў «ЧынЧынаў» праблем з чыноўнікамі не было.
«Мне здаецца, што калі чыноўнікі глядзяць нашы „ЧынЧыны“ альбо спэктакаль „Рэвізор“, яны думаюць, што такія пэрсанажы ёсьць, але гэта, маўляў, не пра мяне. Паколькі мы ніколі ня кпілі зь нейкіх канкрэтных асобаў, а стваралі абагульныя вобразы чыноўніка, чалавека сыстэмы. Кожны, напэўна, думаў, што гэта не пра яго. Мы першы раз хваляваліся, што нашы жарты бокам вылезуць. Але публіка добра прыняла, усе сьмяяліся — і неяк пранесла», — кажа Міхаіл Зуй.
Аднак актор прызнае, што беларускія ўлады вельмі ня любяць, калі зь іх сьмяюцца. Сьведчаньне таму — барацьба з комікамі.
«Бо там, дзе сьмех, там крыху менш страху. А яны хочуць, каб у беларусаў быў страх. Бо калі будзе сьмех, то людзям ня так страшна… А калі сур’ёзна, я б не спадзяваўся, што хутка гэты маразм скончыцца. Час паказвае, што наадварот, ён толькі набірае абароты. Але ў нейкі момант (і ўсе мы гэтага чакаем, гэтыя працэсы ўжо пачаліся), сыстэма пачынае ўжо сябе жэрці, бо ўсіх астатніх ужо быццам бы зьела ці прагнала, далей кусае сябе за хвост і шукае ў сваіх шэрагах здраднікаў», — выказвае асьцярожную надзею Міхаіл Зуй.
26 жніўня на «ЧынЧынЧэнэл» чакаецца прэм’ера новага скэтч-сэрыялу, які называецца «БелГосПсихоз». Ён пра тое, як беларускія ўлады скасавалі пасады псыхіятраў, а замест дактароў паставілі ідэолягаў, дзеліцца Міхаіл Зуй.
«Да аднаго зь іх прыходзяць бюджэтнікі беларускія: настаўніца, міліцыянт, вядоўца тэлепраграмы, і расказваюць пра свае сумневы ў жыцьці. А ён іх „лечыць“. Купалавец Аляксандар Зелянко выканаў галоўную ролю. А нас зь Дзьмітрыем Есяневічам там амаль няма», — падзяліўся найбліжэйшымі плянамі «ЧынЧынаў» Міхаіл Зуй.