Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цяпер Беларусь і Кітай абмяркоўваюць 15 новых стратэгічных інвэстыцыйных праектаў.
«У актыўным прапрацоўваньні з кітайскімі партнэрамі 15 новых інвэстпраектаў стратэгічнага ўзроўню на суму да 3 мільярдаў даляраў», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
22 жніўня Лукашэнка правёў сустрэчу з прэм’ерам Дзяржаўнай рады Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Цянам, які перад гэтым наведаў Маскву.
Сярод такіх стратэгічных праектаў Лукашэнка згадаў трэці этап праекту ў глыбокім перапрацоўваньні збожжа Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі, будаўніцтва заводаў для вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы, арганізацыя сучаснага аўтаматызаванага ліцьця, вытворчасьць рухавікоў, поліпрапілену, карбаміду, хлярату натрыю, перакісу вадароду і кальцынаванай соды.
Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў аб зацікаўленасьці ў атрыманьні кітайскіх тэхналёгій.
«Вы стварылі ўласную сыстэму навігацыі. Вы пабудавалі найбольшы ў сьвеце тэлескоп. Вы сканструявалі кітайскую арбітальную станцыю і шырокафюзэляжны самалёт. Кітай лідэр у вытворчасьці акумулятараў, сонечных батарэй, высокахуткасных цягнікоў, электрамабіляў і іншым», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь атрымае ад Кітаю «тэхнічна-эканамічную дапамогу», але пакуль невядома, у якіх мэтахЦягам апошніх трох з паловай гадоў Эўрапейскі Зьвяз, ЗША, Канада і Вялікая Брытанія ўхвалілі некалькі пакетаў санкцый супраць Беларусі. Сярод іх у тым ліку і забарона на перадачу Беларусі тэхналёгій, якія магчыма выкарыстоўваць і ў вайсковых мэтах. Міжнародныя санкцыі пачалі ўводзіць ў 2021 годзе за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і жорсткі разгон масавых акцый пратэсту, стварэньне мігранцкага крызісу на межах Эўразьвязу, а з 2022-га — за падтрыманьне Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны.
На гэтым тле Беларусі актывізавала свае кантакты зь Кітаем:
- 25 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з сакратаром партыйнага камітэту Пэкінскага ўнівэрсытэту Хаа Пінам і прадстаўнікамі кітайскіх унівэрсытэтаў. Хоць гэта і не ягоны ўзровень камунікацыі, але згаданая сустрэча стала дэманстрацыяй вагі Кітаю на шкале замежнапалітычных прыярытэтаў афіцыйнага Менску.
- 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ў Астане правёў кароткія перамовы з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам на палях саміту ШАС.
- Новы міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў свой першы замежны візыт зрабіў у Кітай (калі не лічыць наведваньня саміту ШАС у сталіцы Казахстану Астане).
- 3 ліпеня вайскоўцы Кітая ўдзельнічалі ў парадзе ў Менску з нагоды Дня Незалежнасьці Беларусі.
- З 8 па 16 ліпеня на палігоне «Берасьцейскі» — за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы і за 30 кілямэтраў ад польскай — правялі сумесныя вучэньні («антытэрарыстычная трэніроўка») вайскоўцаў Беларусі і Кітаю пад назвай «Сокал, які атакуе».