У Беларусі чыноўнікі трэці год запар абяцаюць ураджай, большы за 9 мільёнаў тонаў збожжа, але выходзіць ня так. Апошні раз такі вялікі ён быў у 2014-м, раней — у 2012.
Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі адсправаздачылася, што збожжа і зернебабовыя сёлета ўжо прыбраныя на 95,3%. Агульны ўраджай — 6,5 мільёна тонаў.
Калі ўраджайнасьць сёлета будзе такая самая, як у мінулым годзе, то агулам на 100% плошчаў усё адно зьбяруць менш за 7 мільёнаў тонаў. Лукашэнка ў ліпені патрабаваў, каб было мінімум 10 мільёнаў.
У мінулыя гады ўраджай збожжа ў Беларусі быў такі:
- 2023 год — 7,6 мільёна тонаў
- 2022 год — 8,7 мільёна тонаў
- 2021 год — 7,3 мільёна тонаў
Паводле папярэдніх зьвестак, у Літве сёлета зьбяруць 7 мільёнаў тонаў збожжа. Такія лічбы агучвае сельскагаспадарчая палата гэтай краіны.
Летась ураджай у Літве быў таксама 7 мільёнаў тонаў збожжа. Пры гэтым Беларусь дае статыстыку па зборы зерневых і зернебабовых, без разьбіўкі. Літва ж агучвае толькі зьвесткі па зборы зерня.
Пасяўная плошча і ўраджайнасьць
Беларусь вырошчвае збожжа на плошчы 2 345 000 гектараў.
У Літве гэтыя плошчы меншыя ў 1,7 раза: 1 335 720 гектараў. Менш у Беларусі і ўраджайнасьць збожжа: 3,3 тоны з гектара, у Літве — 4,2 тоны.
На фоне іншых суседзяў ураджайнасьць збожжа ў Беларусі выглядае наступным чынам (паводле дадзеных на 2023 год):
- Украіна — 5,5 тоны з гектара
- Польшча — 4,5 тоны з гектара
- Літва — 4,2 тоны з гектара
- Латвія — 3,4 тоны з гектара
- Беларусь — 3,3 тоны з гектара
- Расея — 3 тоны з гектара (сёлета ўраджайнасьць у Расеі чакаецца яшчэ ніжэйшая).
«Дзяржаўная манаполія і стратныя гаспадаркі»
Сярод прычын невысокіх вынікаў сельскай гаспадаркі ў параўнаньні з суседзямі эканамістка Аліса Рыжычэнка называе дзяржаўную манаполію і страты гаспадарак.
«У Беларусі каля 90% сельскагаспадарчых земляў належаць дзяржаве. У Літве 70% пасяўных земляў займаюць прыватныя фэрмэрскія гаспадаркі.
У Беларусі колькасьць стратных арганізацый у сельскай гаспадарцы — больш за 60%, калі ня браць у лік дзяржаўныя субсыдыі. Гэтая колькасьць увесь час расьце. Стратныя гаспадаркі ня маюць магчымасьці набыць добрае абсталяваньне, добрыя ўгнаеньні, ня могуць рабіць рэканструкцыю зернясховішчаў», — прыводзіць прыклад экспэртка.
Згодна зь Белстатам, у Беларусі на 2023 год 89,8% сельскагаспадарчых земляў належала сельскагаспадарчым арганізацыям, большасьць зь якіх — уласнасьць дзяржавы. Толькі 4% земляў знаходзяцца ва ўласнасьці фэрмэрскіх гаспадарак. Доля стратных арганізацый без уліку дзяржпадтрымкі ў сельскай гаспадарцы — 60,3%.
Аліса Рыжычэнка прыводзіць прыклад, што дзяржаўныя стратныя гаспадаркі яшчэ і кідаюць «на ўратаваньне» пасьпяховым прадпрыемствам. Што, па выніку, шкодзіць агулам усёй сфэры.
«Важны момант: умовы жыцьця на вёсцы. Там ня створаная інфраструктура. Маладыя спэцыялісты хочуць ехаць у горад. Няма кадраў, няма добрых мэнэджараў. Да пасьпяховага калгасу далучаюць яшчэ пару стратных, якія варта закрыць ці аддаць прыватніку. Па выніку пасьпяховае прадпрыемства таксама пачынае несьці страты», — заўважае эканамістка.
Зьмяншаецца з году ў год і тэхнічная база сельскай гаспадаркі. Напрыклад, у 2019 годзе трактароў у Беларусі было 39 тысяч, на 2023 год — 35,8 тысячы. Зерняўборачных камбайнаў было 8,8 тысячы, стала на 800 менш, трактарных плугоў было 8,3 тысячы, стала на 1,2 тысячы менш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея з 1 ліпеня фактычна страцілі магчымасьць пастаўляць збожжа ў Эўразьвяз