У менскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2024/2025 навучальным годзе зьявяцца мэдычны клясы, паведаміла прадстаўніца галоўнага ўпраўленьня па адукацыі Менгарвыканкаму, піша «Минск-Новости».
«Перад намі пастаўленая задача па правядзеньні якаснай прафарыентацыі. У сувязі з гэтым ужо ня першы год у нас арганізуюцца спэцыялізаваныя клясы: пэдагагічныя, аграрнай накіраванасьці, спартова-пэдагагічнай, вайскова-патрыятычнай, зь мінулага году — інжынэрнай. А сёлета было ініцыявана адкрыцьцё клясаў мэдыцынскай накіраванасьці», — паведаміла прадстаўніца ўпраўленьня па адукацыі Менгарвыканкаму Натальля Дудкіна.
Паводле яе, спэцыялісты будуць імкнуцца да «шчыльнага ўзаемадзеяньня навучэнцаў з прадстаўнікамі розных установаў прафэсійнай, вышэйшай, сярэдняй спэцыяльнай адукацыі».
Расказваючы пра прафэсійную арыентацыю для школьнікаў, чыноўніца таксама згадала, што ўжо другі год для дзяцей арганізуюць профільныя зьмены ў летніх лягерах. У 2023 годзе глыбей вывучыць сваю прафэсію маглі пэдагагічныя клясы, а сёлета да іх далучыліся і прадстаўнікі аграрнага напрамку.
Недахоп кадраў у сфэры аховы здароўя Беларусі перавышае 10 тысяч чалавек. У агульнарэспубліканскай базе вакансій на 21 жніўня:
- больш за 4,5 тысячы вакансій для лекараў-спэцыялістаў,
- больш за 4,1 тысячы — мэдсёстраў,
- больш за 1,1 тысячы — фэльчараў,
- 477 — памочнікаў лекараў.
Вырашыць праблему зь недахопам мэдыкаў у Беларусі не ўдаецца ўжо ня першы год. Сярод прычын — звальненьні, затрыманьні і арышты паводле палітычных матываў неляяльных да рэжыму Лукашэнкі мэдыкаў, ад’езд спэцыялістаў на працу за мяжу, узровень заробкаў.
У рамках змаганьня зь недахопам кадраў 2 лютага ў Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры для мэдыкаў-бюджэтнікаў павялічылі з 2 да 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За студзень-люты звальненьні мэдыкаў у Беларусі перавысілі наём на 28%. Недахоп кадраў — больш за 10 тысяч чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Калі садзяць аднаго мэдыка, зьяжджаюць сотні», — Салавей пра ад’езд мэдыкаў, лёс хірурга Любецкага і аварыйныя рэформы