Беларуская сетка крамаў Swed House, якая пазыцыянуе сябе як аналяг ІКЕА, імкнучыся назваць свае тавары на ўзор згаданай сеткі, спынілася на «нечаканых варыянтах», піша швэдзкае выданьне Göteborgs-Posten. Артыкул заўважыў «Позірк».
Як адзначае Göteborgs-Posten у артыкуле, лягатып Swed House такі ж сіне-жоўты, як у Ikea, пэрсанал носіць жоўтыя кашулі-пола, а асартымэнт аналягічны асартымэнту швэдзкага мэблевага гіганта. Але ёсьць і адрозьненьні. У жаданьні назваць разнастайныя тавары паводле мадэлі, падобнай да Ikea, беларуская кампанія спынілася на нечаканым выбары.
Цяпер у асартымэнт дзіцячых тавараў і мяккіх цацак Swed House уваходзяць (у перакладзе са швэдзкай мовы) кракадзіл Рэзкі (Kryddig), кіт Кепскі (Dålig), пінгвін Брудны (Smutsig), трус Замежны (Utländsk), васьміног Цяжкі (Svår) і іншыя тавары зь дзіўнымі назвамі.
Göteborgs-Posten адзначае, што пакуль незразумела, ці мае Ikea, якая прадае аналягічную прадукцыю пад іншымі назвамі, якое-небудзь права голасу ў тым, як Swed House назвала свае мяккія цацкі, і ці зьбіраецца яна падаваць судовыя пазовы супраць Swed House.
Выданьне прыводзіць словы старшага дарадцы ў пытаньнях аўтарскіх правоў Швэдзкага патэнтна-рэгістрацыйнага бюро, які мяркуе, што «калі кампанія не крадзе чужой гандлёвай маркі, дык пацярпелая кампанія мала што можна зрабіць».
- Брэнд Swed House належыць беларускай кампаніі «Мердэм», якая раней пастаўляла гаспадарчыя тавары, але ў 2022 годзе канцэпцыя зьмянілася, і яна вырашыла заняць месца ІКЕА, якая пайшла з Расеі і Беларусі. Сетка Swed House прадае прадукцыю ІКЕА, а таксама прадукцыю ўласнага брэнду.
- У Беларусі крамы кампаніі працуюць у Бабруйску, Менску, Магілёве, Маладэчне і Наваполацку.
- У час разгляду кадравых пытаньняў 12 сьнежня 2022 годe Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яго патрабаваньне аб нацыяналізацыі замежных прадпрыемстваў, чые ўласьнікі пайшлі зь беларускага рынку, распаўсюджваецца ў тым ліку на вытворчасьці міжнароднай кампаніі ІКЕА.