Заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак паведаміў, што на вечар 21 жніўня вядома 18 прозьвішчаў вызваленых палітвязьняў (адно імя ўдакладняецца). Гаворка ідзе пра 13 жанчын і 5 мужчын.
Раней сталі вядомыя прозьвішчы 10 палітвязьняў, што выйшлі на волю па ўказе аб памілаваньні, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 16 жніўня. Сярод іх 9 жанчын і адзін мужчына.
- Увечары 21 жніўня стала вядома прозьвішча яшчэ аднаго памілаванага палітвязьня. На свабоду выйшаў палітвязень Яўген Чуміла. Пра гэта паведаміў прапагандыст Юры Васкрасенскі падчас стрыму 21 жніўня ў Рыгора Азаронка, заўважыла «Люстэрка».
Яўгену Чумілу 31 год. У траўні 2022 году Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у абразах прадстаўніка ўлады, Аляксандра Лукашэнкі і судзьдзі, а таксама ў распальваньні варожасьці. Яго асудзілі на пазбаўленьне волі, але тэрмін праваабаронцам невядомы. Пакараньне Яўген Чуміла адбываў у папраўчай калёніі № 17.
Поўны сьпіс агучаных раней прозьвішчаў вызваленых вязьняў:
- Ксенія Луцкіна,
- Вольга Новікава,
- Ала Зуева,
- Вольга Стаброўская,
- Васіль Берасьнеў,
- Ірына Санкоўская,
- Кацярына Леў,
- Натальля Пятровіч,
- Тамара Каравай,
- Сьвятлана Палуэктава.
16 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 асобаў, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». Сярод памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворванні. Таксама ёсць пэнсіянэры. Канкрэтныя прозьвішчы памілаваных не называлі, сам указ не публікаваўся.
У ліку 30 памілаваных ёсць тыя, каго раней ужо вызвалілі, расказваў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле яго, частку гэтых людзей ужо вызвалілі ў ліпені і жніўні, а ўказ фармалізаваў гэты працэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць вызваленых праз памілаваньне палітзьняволеных жанчын мелі выйсьці на волю ў найбліжэйшыя месяцы, яшчэ дзьве — налета