«Гісторыя на Свабодзе»: Беларусы сярод працоўных мігрантаў у даваенных Латвіі і Эстоніі мелі найвышэйшы рэйтынг, — Юры Грыбоўскі

Фотакаляж. Юры Грыбоўскі (справа).

Што штурхала беларусаў міжваеннай Польшчы на працоўную эміграцыю ў Эстонію і Латвію? Як ім там жылося? Ці змаглі яны стварыць у тых краінах свае нацыянальныя і зямляцкія арганізацыі або далучыліся да ўжо існуючых?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларуска-польскім гісторыкам, прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту, аўтарам кнігі «Працоўная эміграцыя з Польшчы ў Латвію і Эстонію ў 1928–1939 гг.» Юрыем Грыбоўскім.

0:00 — што прымушала беларусаў выяжджаць з Заходняй Беларусі

4:52 — чаму менавіта Латвія і Эстонія прываблівалі жыхароў Заходняй Беларусі

8:16 — як прымалі беларусаў у Латвіі, дзе і як яны працавалі

10:16 — якія ўражаньні беларусы выносілі з тых краінаў

11:58 — што беларусы рабілі ў Эстоніі

13:47 — як Латвія і Эстонія спаборнічалі за беларускіх эмігрантаў

14:47 — ці стваралі беларусы ў Латвіі і Эстоніі нацыянальныя ці зямляцкія суполкі

19:32 — маральны ўплыў працоўнай эміграцыі на жанчын

21:06 — як беларусы ўзаемадзейнічалі зь мясцовым насельніцтвам

24:07 — як склаўся лёс працоўных эмігрантаў з Заходняй Беларусі ў Латвіі і Эстоніі падчас Другой сусьветнай вайны

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Юрыем Грыбоўскім:

— Як жылося і як працавалася беларусам у міжваеннай Польшчы? Якія прычыны гналі людзей выяжджаць з бацькаўшчыны?

— Мы гаворым пра міжваенны час, калі Заходняя Беларусь была часткай польскай дзяржавы. Усе сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія былі ў тагачаснай Польшчы, тычыліся і Заходняй Беларусі. А ў Польшчы пытаньне беспрацоўя на той час стаяла вельмі востра.

У Польшчы назіралася тады такая нетыповая зьява, як непатрэбныя людзі. Маюцца на ўвазе тыя людзі, якія ўваходзілі ў сталае жыцьцё, але не маглі знайсьці свайго месца ў гэтым жыцьці, не маглі знайсьці працы, не маглі забясьпечыць сабе матэрыяльнага быту. Адным зь нешматлікіх выйсьцяў, якія мелі тыя людзі, была эміграцыя.

Чаму так адбывалася? Таму што краіна была толькі ў невялікай меры прамысловаю, вялікіх гарадоў не было, таму ўцёкаў сялян у гарады не назіралася. Таму эміграцыя часта была жыцьцёвай неабходнасьцю.

Польскія ўлады разумелі гэтую сытуацыю, спрабавалі яе неяк выправіць, але нічога лепшага, як эміграцыя, на той час не знайшлося. Таму палітыку польскай дзяржавы можна назваць праэміграцыйнай. У краіне ствараліся добрыя ўмовы для таго, каб чалавек мог паехаць на працу за мяжу.

Таму нас не павінна зьдзіўляць, што ў міжваенны час з Польшчы выехала больш як два мільёны людзей. Каля паловы зь іх выехалі назаўсёды і на бацькаўшчыну не вярнуліся.

А ў выпадку Заходняй Беларусі сытуацыя была яшчэ горшая. Таму што гэты рэгіён краіны належаў да ліку найменш разьвітых у сацыяльна-эканамічным сэнсе. Гэта былі эканамічна адсталыя ўскраіны, якія ў асноўным утрымліваліся за кошт сельскай гаспадаркі. Заходнебеларуская вёска была перанаселеная, там адсутнічалі вялікія прамысловыя цэнтры, уцякаць зь вёскі не было куды. І, самае галоўнае, не было зямлі, таго, з чаго селянін можа ўтрымлівацца, за кошт чаго можа жыць, апрацоўваючы ўласны надзел.

Але зямлі не хапала, гаспадаркі сялянскія былі малыя, сем’і былі вялікія, бацька думаў пра тое, каб забясьпечыць кожнага сына нейкім надзелам, таму той невялікі кавалак, якім валодаў, павінен быў часта падзяліць паміж трыма-чатырма сынамі.

У выніку без эміграцыі цяжка было праіснаваць. Таму сяляне ахвотна на яе пагаджаліся, бо ведалі, што гэта дасьць ім хоць нейкі шанец на далейшае існаваньне.

— Як беларусаў прымалі ў Латвіі і Эстоніі, куды яны ехалі як працоўныя эмігранты ў міжваенны час?

— У той час было вялікае спаборніцтва за беларусаў паміж латыскімі і эстонскімі працадаўцамі. Адпраўным пунктам для беларускіх эмігрантаў быў Браслаў. Менавіта адтуль выяжджалі цягнікі ў кірунку Латвіі і Эстоніі, напоўненыя беларусамі. Цягнікі ішлі ў бок Дзьвінску. І былі такія выпадкі, калі латышы, латыскія фэрмэры карысталіся прыпынкамі цягнікоў, якія тады спыняліся на паўгадзіны ці нават на гадзіну, заходзілі ў вагоны і намаўлялі работнікаў ня ехаць у Эстонію. Беларусам казалі, маўляў, у нас лепшыя грошы, лепшая праца, лепшыя ўмовы, навошта вам так далёка ехаць, выходзьце тут, адразу падпішам працоўны кантракт і будзе ўсё ў парадку.

Гэта было адметнасьцю сытуацыі з эміграцыйным рухам з Заходняй Беларусі ў Латвію і Эстонію.

— Ці стваралі прыежджыя беларусы ў Латвіі і Эстоніі нейкія свае нацыянальныя ці зямляцкія суполкі? Або ці мелі яны кантакты з тымі суродзічамі, якія стала жылі ў Латвіі і Эстоніі? Як гэта адбывалася, ці былі ў гэтых кантактах свае посьпехі і свае праблемы? Ці вялася сярод прыежджых беларусаў нейкая культурна-асьветная праца?

— Хацелася б на ваша пытаньне адказаць станоўча, хаця б на першую яго частку. Але, на жаль, чагосьці такога не было. Тут трэба разумець, што пераважную большасьць гэтых мігрантаў складалі людзі малапісьменныя або цалкам непісьменныя, якія прыехалі не ў турыстычных мэтах, каб паглядзець, як выглядае краіна, або каб браць удзел у нейкай грамадзкай дзейнасьці.

Асноўнай і, бадай, адзінай мэтай гэтых людзей было зарабіць сабе на жыцьцё. Зарабіць, цяжка працуючы. А людзі сапраўды працавалі цяжка, нават па выходных, бо тады была падвойная аплата. Гэта сьведчыць пра прыярытэты тых людзей — яны ехалі, каб зарабіць. Таму ня мелі жаданьня і мэты займацца нейкай зямляцкай ці культурніцкай працай.

Праўда, у Латвіі дзейнічалі мясцовыя беларусы і розныя беларускія асьветніцкія і культурныя арганізацыі. І трэба сказаць, што спачатку стаўленьне да прыежджых працоўных эмігрантаў з боку тых арганізацый было даволі халоднае. Спачатку яны наогул не заўважалі, што там могуць быць іх суайчыньнікі. Беларуская прэса Латвіі пісала, што вось прыедуць польскія работнікі, забяруць працу ў нашых работнікаў, таму ня трэба іх сюды пускаць.

Але празь нейкі час беларускія дзеячы Латвіі пачалі заўважаць, што сярод тых палякаў шмат непалякаў, і перадусім багата беларусаў. Таму спробы нейкага кантакту былі.

Напрыклад, такі вядомы грамадзка-палітычны дзяяч і настаўнік Сяргей Сахараў апісваў на старонках газэты «Беларуская школа ў Латвіі» свой досьвед сустрэчы зь беларускімі работніцамі з Пастаўшчыны. Ён найперш цікавіўся, як яны размаўляюць, запісаў іх гаворку і іх звычкі. І ён з гонарам пісаў, што вось гэтыя людзі прыехалі працаваць да нас, бо на бацькаўшчыне для іх працы няма.

Але гэта былі эпізоды, адзінкавыя выпадкі. Трэба разумець, што тыя беларусы, што прыяжджалі, былі польскімі грамадзянамі і паводле мясцовых законаў ня мелі права ўдзельнічаць у нейкіх мясцовых арганізацыях, у тым ліку ў арганізацыях беларускай меншасьці ў Латвіі. І гэта было ня тое што непажадана, гэта было забаронена.

Адзіным, хто спрабаваў уцягнуць гэтых эмігрантаў у культурна-асьветную працу, была польская дзяржава. Бо гэтыя людзі знаходзіліся пад апекай польскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў. Было консульства ў Рызе, было консульства ў Дзьвінску. Дыпляматы мелі заданьне праводзіць сярод тых людзей нацыянальна-культурніцкую дзейнасьць. Напрыклад, заахвочваць іх падпісвацца на мясцовую польскамоўную газэту «Nasze Życie». Але зноў жа вынік быў зусім невялікі, чыста сымбалічны. Бо тыя людзі не ангажаваліся ні ў дзейнасьць беларускіх асьветных арганізацый, ні польскіх. Бо яны прыехалі для таго, каб працаваць і зарабляць, а не для таго, каб, як ім здавалася, марнаваць час на нейкія культурна-асьветныя мерапрыемствы.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Your browser doesn’t support HTML5

Невядомы старонкі беларускай эміграцыі з Польшчы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя першае месца займае беларуская мова — Віктар Корбут
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: Статут ВКЛ напісаны на мове продкаў беларусаў і ўкраінцаў — Віктар Корбут
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Як узьнік і як загінуў беларускі нацыянальны рух у міжваеннай Латвіі?

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

ХХХ