Як сказана ў посьце Кузьміча, рыдлёўку, якой ён капаў магілу, яму не вярнулі. Паліцыя зьнішчыць яе як «сродак учыненьня злачынства».
Галадаў мастак з 6 жніўня. 17 жніўня з-за таго, што цукар у ягонай крыві апусьціўся да крытычна нізкай адзнакі, яму выклікалі хуткую дапамогу. Лекары паставілі яму кропельніцу з глюкозай.
Як расказаў Кузьміч выданьню «Медиазона», улады Францыі абавязалі яго пакінуць краіну, аднак забарону на знаходжаньне ў Францыі зьнялі.
«Знаходжаньне тут мне не забаронена: анулявалі рашэньне пракурора аб тым, што мне два гады забаронена знаходзіцца ў Францыі і Эўразьвязе. Паколькі ў мяне польская віза, мне трэба пакінуць Францыю. Але я магу зрабіць крок у Польшчу і адразу зваротны крок у Францыю і буду легальна тут знаходзіцца. Так што праз тыдзень я палячу ў Польшчу, а потым вярнуся назад», — сказаў Кузьміч «Позірку».
У Францыі Кузьміч плянуе пісаць кнігу пра тое, што зь ім здарылася за апошні час. Падчас знаходжаньня ў дэпартацыйным цэнтры ён пачаў пісаць дзёньнік, які ў выніку «перарос у кнігу пад працоўнай назвай „У магіле з Ван Гогам“».
- 29 ліпеня Аляксей Кузьміч, вядомы сваімі палітычнымі пэрформансамі, зладзіў акцыю ў Францыі на магіле Вінсэнта ван Гога ў 139-ю гадавіну з дня сьмерці славутага мастака. Ён апрануў белы гарнітур, нанёс на твар белы грым, прыйшоў на могілкі з рыдлёўкай і пачаў раскопваць магілу ван Гога. Кузьміч назваў сваю акцыю Renaissance і абгрунтаваў яе тым, што «невыносна жыць у сьвеце, дзе скончыліся мастакі».
- 2 жніўня суд Пантуаза (прыгарад Парыжу) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. эўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зьняволеньня. 6 жніўня суд пакінуў Кузьміча ў СІЗА на 26 сутак.
- Мастак заявіў, што яго ўтрыманьне пад вартай не абгрунтаванае, што ягоныя правы парушаюцца, і абвясьціў галадоўку.
- 14 жніўня Мэлюнскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэньне аб дэпартацыі Аляксея Кузьміча ў Беларусь.
- У лютым 2024 году Кузьміч быў эвакуаваны зь Беларусі фондам салідарнасьці BySоl, пасьля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі. Як мяркуецца, на яго заведзеная крымінальная справа.