Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
МУС Беларусі дадаў у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» яшчэ чатыры ініцыятывы.
Так, у пералік, паводле рашэньня КДБ ад 12 жніўня, трапіла «Асацыяцыя Палітвязьняў Беларусі». У сувязі з асацыяцыяй згадваюцца:
- Іна Шырокая,
- Аляксандар Храпкоў,
- Аляксандар Лянько,
- Дзьмітры Максімчык.
У пералік дадалі таксама акаўнты асацыяцыі ў Facebook і YouTube.
КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» і «групу грамадзян зь ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў фонду «Свабода і дэмакратыя». У «экстрэмісцкі сьпіс» унесьлі ў тым ліку імёны Ліліі Любаневіч і Мацея Кшыштафа Данцэвіча, сайт wid.org.pl, электронную пошту і Facebook фонду.
Яшчэ адным «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі «Міхалова чат» (аднайменны чат у Telegram).
Паводле сацыяёляга Генадзя Коршунава, у Беларусі па-ранейшаму «працягваецца інструмэнтальнае прымяненьне антыэкстрэмісцкага заканадаўства». У другім квартале 2024 году ў параўнаньні з папярэднім кварталам «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызналі на 25% больш арганізацыяў, у «экстрэмісцкі сьпіс» уключылі 485 чалавек — гэта амаль на 74% больш, чым за першы квартал (279).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёгікі няма». Каго ў Беларусі ўключаюць у «сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк «Пагоня» і групу спартоўцаў прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»