Тры чалавекі загінулі ў выніку сутыкненьня фургону Mercedes-Benz і пасажырскага аўтобуса МАЗ, якое адбылося ў 7:15 на скрыжаваньні аўтадарог Р-78 і Р-81 паблізу вёскі Стараволя Пружанскага раёну, паведаміў Сьледчы камітэт.
Сярод загінулых пасажыры аўтобуса — 45-гадовы мужчына і 17-гадовая дзяўчына, а таксама 24-гадовы кіроўца фургону. Яшчэ 10 пасажыраў аўтобуса адправілі ў лякарню. Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, на 13:00, траіх з 10 пацярпелых перавезьлі рэанімабілямі ў Берасьцейскую абласную клінічную лякарню, шпіталізавалі ў аддзяленьне анэстэзіялёгіі і рэанімацыі.
Тэлеграм-канал «Березино. Новости» паведаміў, што каля 4:30 на аўтадарозе М4, Менск — Магілёў, недалёка ад вёскі Марціянаўка ў Бярэзінскім раёне, у бок Магілёва, кіроўца аўтобуса «Вільня — Магілёў» заснуў за рулём і зьехаў у правы па ходзе руху кювэт. У салёне былі 19 пасажыраў.
Пяць чалавек пасьля абсьледаваньня адпусьцілі дадому. Астатнія не пацярпелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Меншчыне аўтобус, у якім былі дзеці з інваліднасьцю, сутыкнуўся зь легкавіком. Ёсьць пацярпелыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Меншчыне зьехаў у кювет аўтобус Масква — Берасьце, ёсьць пацярпелыя