Дэмакратычныя сілы Армэніі запатрабавалі ад уладаў краіны «неадкладна разарваць дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю да зьняцьця дыктатара Лукашэнкі з пасады». Гэта было сярод палітычных патрабаваньняў, зь якімі прадстаўнікі армянскай апазыцыі выйшлі 21 жніўня да амбасады Беларусі ў Ерэване.
Група сяброў і прыхільнікаў партыі «За рэспубліку» правяла акцыю пратэсту перад амбасадай Беларусі ў Армэніі. Яны закідалі сьцены будынку амбасады яйкамі, бульбай і памідорамі з крыкамі «Прэч з Армэніі!», паведаміла армянская служба Радыё Свабода.
Паверанага ў справах Армэніі выклікалі ў МЗС Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам і заявілі пра «нанесеную беларускай дыпмісіі шкоду і відавочна недастатковыя меры армянскіх праваахоўных органаў у яе перадухіленьні».
«Беларускі бок зыходзіць з таго, што вандалы будуць устаноўленыя, кампэнсуюць нанесеную шкоду і панясуць пакараньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам Армэніі», — заявілі ў МЗС Беларусі.
Патрабаваньне разарваць дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю таксама згадваецца ў заяве Кансультацыйнай плятформы дэмакратычных сіл Армэніі, тэкстам якой падзяліўся з «Позіркам» палітоляг, экспэрт Армянскага цэнтру палітычных і міжнародных дасьледаваньняў Рубэн Мэграб'ян.
Дэмакратычныя сілы Армэніі таксама рэкамэндавалі запрасіць у Ерэван зь візытам «выбраную прэзыдэнтку Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую».
Словы «беларускага дыктатара Лукашэнкі ў адрас Армэніі і армянскага народу ў інтэрвію, дадзеным тэлеканалу „Россия“ 19 жніўня, у якім ён заявіў, што „армяне нікому не патрэбныя“ — чарговая праява ягонай антыармянскай пазыцыі, якая стала для яго благой традыцыяй», — адзначаецца ў заяве.
«Прымаючы да ўвагі падтрымку, аказаную Беларусьсю Азэрбайджану ў вайне супраць Армэніі» і «прызнаючы сыстэматычнае і працяглае парушэньне правоў уласнага народу і грамадзян з боку беларускага дыктатарскага рэжыму», Кансультацыйная плятформа дэмакратычных сіл Армэніі запатрабавала ад уладаў абвясьціць амбасадара Беларусі і ўвесь астатні дыпляматычны пэрсанал пэрсонамі нон грата і даць ім тры дні на тое, каб пакінуць тэрыторыю краіны.
Таксама прапануецца «разарваць усе двухбаковыя дамовы зь Беларусьсю, уключаючы пагадненьне аб бязьвізавых паездках грамадзян» і «лічыць немагчымым знаходжаньне ў адным вайсковым саюзе і эканамічнай і мытнай прасторах зь Беларусьсю і неадкладна выйсьці з АДКБ, ЭАЭС і СНД».
Заяву падпісалі партыя «У імя Рэспублікі», Эўрапейская партыя Армэніі, ГА «Эўропа права», клюб журналістаў «Аспарэз».
Сьвятлана Ціханоўская падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці 18 ліпеня ў Вялікай Брытаніі выказала падтрымку Армэніі ў яе імкненьні да эўраінтэграцыі. Прэм’ер-міністру Ніколу Пашыньяну і міністру замежных спраў Арарату Мірзаяну былі выказаныя словы падтрымкі і падзякі за цьвёрдую пазыцыю і за падтрымку беларусаў.
Гэта была трэцяя публічная сустрэча Ціханоўскай і Мірзаяна.
21 жніўня Ціханоўская выступіла з катэгарычным асуджэньнем «абуральных абразаў на адрас Армэніі» і народа гэтай краіны з боку Аляксандра Лукашэнкі.
«Дыктатар здрадзіў і беларусам, і Армэніі, дзейнічаючы ў інтарэсах Крамля. Беларусы салідарныя з дружалюбным народам Армэніі і маюць намер умацоўваць нашы сувязі», — падкрэсьліла Ціханоўская допісе ў сацсетцы Х.
13 чэрвеня гэтага году Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксьце заяваў Лукашэнкі пра карабаскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. Пасьля заявы прэм’ера абедзьве краіны адклікалі сваіх амбасадараў у сталіцы для кансультацый.
2 чэрвеня, выступаючы перад парлямэнтам, кіраўнік ураду заявіў пра магчымы выхад Армэніі з АДКБ.
13 ліпеня Беларусь адклікала амбасадара Аляксандра Канюка з Армэніі для кансультацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад удзелу яшчэ ў двух вайсковых вучэньнях АДКБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская дала інтэрвію армянскай тэлевізіі. Вядучы звяртаўся да яе «спадарыня прэзыдэнт»