Ксенія Луцкіна аказалася сярод 30 палітвязьняў, якія выйшлі на волю, стала вядома зь сюжэту дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1». Прапагандысты апублікавалі фрагмэнт відэа з Ксеніяй пасьля яе выхаду на волю.
«У мяне сёньня вялікая радасьць. У мяне сёньня другі дзень народзінаў. Я змагу абняць свабодна сына», — сказала Ксенія Луцкіна.
Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году і ў верасьні 2022 году асудзілі на 8 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расьце пухліна ў галаўным мозгу. Таксама ўвесну яна за кратамі перахварэла на пнэўманію. Дома журналістку чакае непаўналетні сын.
Таксама зь сюжэту дзяржаўнага тэлеканалу стала вядома, што на волю выйшлі палітзьняволеныя Ірына Санкоўская, асуджаная на 1,5 года калёніі за «зьдзек з дзяржаўных сымбаляў», абразу прадстаўніка ўлады і Аляксандра Лукашэнкі, і Вольга Новікава, якая адбывала пакараньне за ўдзел у пратэстах. Адметна, што мужа Вольгі Віктара Новікава таксама вызвалілі праз памілаваньне, але яшчэ 3 ліпеня.
Ініцыятыва @dissidentBY заўважыла на кадрах зь сюжэту прапагандыстаў яшчэ двух палітзьняволеных жанчын — Алу Зуеву і Вольгу Стаброўскую.
63-гадовую пэнсіянерку Алу Зуеву ў кастрычніку 2023 году асудзілі да двух з паловай гадоў калёніі за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады ў камэнтарах. Яна мае анкалягічнае захворваньне, праблемы са сьпінай, панічныя атакі.
64-гадовую Вольгу Стаброўскую ў верасьні 2023 году асудзілі да года і трох месяцаў пазбаўленьня волі за абразу Лукашэнкі. Яна інвалід трэцяй групы.
Усе вызваленыя жанчыны адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калёніі № 4.
Пасьля сюжэту БТ праваабаронцы паведамілі, што на цяперашні момант ім вядомыя імёны 8 палітвязьняў, якія выйшлі на волю праз памілаваньне, і Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і Ксенія Луцкіна — сярод гэтых васьмі палітвязьняў. Прозьвішчы астатніх вызваленых пакуль не называюць у мэтах бясьпекі.
- Раніцай 20 жніўня праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозьвішчы 7 палітвязьняў, якія выйшлі на волю.
- 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. У апошнія дні з калёній праз памілаваньне пачалі выходзіць палітзьняволеныя.
- Вядома, што палітвязьняў прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні, караюць за адмову. Праўладны палітоляг Юры Васкрасенскі, які раней уваходзіў у каманду Віктара Бабарыкі, называў лічбу ў 900 прашэньняў аб памілаваньні. Пра гэтым з турмаў прыходзілі зьвесткі, што палітвязьняў прымушаюць пісаць прашэньні на імя Лукашэнкі, а за адмову караюць, у тым ліку адпраўляюць у ШЫЗА і карцары.
- 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.