У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі пра «незаконныя дзеяньні» Літвы, Латвіі і Эстоніі па абмежаваньні доступу да мора.
«Мы маем намер жорстка паставіць пытаньне аб прымусе вядомых дзяржаў да выкананьня імі сваіх міжнародных абавязаньняў у рамках дзейных прававых дакумэнтаў. Прыйшоў час на годным узроўні рэльефна абазначыць праблемы, зь якімі сутыкаецца Беларусь у рэалізацыі сваіх законных правоў. Мы, магчыма, раней не аддавалі належнай увагі гэтай тэме, але цяпер склалася ўжо абуральная сытуацыя. Напрыклад, краіны Балтыі наўмысна абмяжоўваюць доступ нашай дзяржавы да мора, для ажыцьцяўленьня гандлёвых, эканамічных, гуманітарных кантактаў з вонкавым сьветам», — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
З такой заявай сьпікер МЗС Беларусі выступіў пасьля запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на трэцюю Канфэрэнцыю ААН для краін, якія разьвіваюцца і ня маюць доступу да мора. Яна адбудзецца сёлета ў сьнежні ў Батсване.
Анатоль Глаз падкрэсьліў, што краіны Балтыі нібыта «злоўжываюць» сваім геаграфічным становішчам.
«Літва, Латвія і Эстонія ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў. Хоць ёсьць і магчымасьці, і парты, дзе ёсьць тэрміналы, якімі валодае і беларускі бок», — дадаў Анатоль Глаз.
Ён згадаў пра закрыцьцё эўрапейскімі краінамі памежных пераходаў, што прывяло амаль да спыненьня грузапатоку і пасажырскіх перавозак.
Паводле ягоных слоў, гэтыя захады эўрапейскіх краін «супярэчаць Статуту ААН і парушаюць палажэньні Канвэнцыі ААН па марскім праве, а таксама Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, міжнароднай канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай працягвае скарачаць імпарт беларускага каліюЗ чым зьвязаныя эўрапейскія санкцыі
Краіны Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку Літва, Латвія і Эстонія, пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі спачатку праз фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткі разгон масавых акцый пратэсту ў жніўні 2020 году; з 2021 году — праз штучна створаны мігранцкі крызіс на мяжы Эўразьвязу; а з 2022 году — за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны. У тым ліку з-за мігранцкага крызісу былі закрытыя некаторыя пункты пераходу на межах Беларусі і краін Эўразьвязу.
У выніку Беларусь страціла магчымасьць пастаўляць сваю прадукцыю па адпрацаваных гадамі лягістычных маршрутах, а таксама экспартаваць асобныя віды тавараў, у тым ліку калійныя ўгнаеньні.
З 2022 году Беларусь спрабуе пераарыентаваць свае таварныя патокі ў краны Азіі і Афрыкі праз расейскія марскія парты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы: Спадзяюся, што сьцяна, якую будуюць на мяжы зь Беларусьсю, некалі ўпадзе, як Бэрлінскі мур ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская кампанія ня можа вярнуць зь Беларусі вагоны, у якіх да вайны перавозілі беларускія ўгнаеньніСанкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.