Блінкен назваў «вырашальным момантам» перамовы аб спыненьні агню ў сэктары Газа

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Ізраіля Іцхакам Гэрцагам у Тэль-Авіве, Ізраіль, 19 жніўня 2024

Дзяржаўны сакратар ЗША прыбыў у Ізраіль у рамках яго дзявятай місіі на Блізкі Ўсход з пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАС.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які прыбыў 18 жніўня ў Ізраіль, назваў перамовы аб спыненьні агню ў сэктары Газа «вырашальным момантам», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле Блінкена, яны зьяўляюцца, «магчыма, лепшай, можа быць, апошняй магчымасьцю» дабіцца вызваленьня закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ХАМАС (арганізацыя прызнаная ў ЗША тэрарыстычнай).

Выступаючы перад сустрэчай з прэзыдэнтам Ізраіля Іцхакам Гэрцагам, кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі заявіў, што Вашынгтон спрабуе не дапусьціць рэгіянальнай эскаляцыі, асабліва на фоне асьцярог з нагоды магчымай атакі Ірану на Ізраіль пасьля забойству лідэра ХАМАС Ісмаіла Ханіі ў Тэгэране ў ліпені.

Гэта ўжо дзявятая дыпляматычная місія Блінкена на Блізкі Ўсход з пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАС. Плянуецца, што 19 жніўня ён таксама сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу і міністрам абароны Ёавам Галантам. 20 жніўня ён накіруецца ў Эгіпет, дзе, як заяўляюць краіны-пасярэднікі, на гэтым тыдні будзе зробленая заключная спроба дасягнуць пагадненьня аб спыненьні агню.

Высокапастаўлены чыноўнік, які суправаджае Блінкена, заявіў Associated Press, што дзяржсакратар ЗША пры ўзаемадзеянні з усімі бакамі будзе казаць пра важнасьць спыненьня пакутаў цывільнага насельніцтва сэктара Газа ў найбліжэйшы час і недапушчэньня пашырэньня канфлікту на рэгіён. Чыноўнік выступаў на ўмовах ананімнасьці, каб абмяркоўваць дэталі паездкі Блінкена.

Прапанаваны плян спыненьня агню ўключае трохэтапны працэс, у рамках якога ХАМАС вызваляе ўсіх закладнікаў, узятых падчас нападу на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Узамен Ізраіль выведзе свае сілы з сэктара Газа і вызваліць палестынскіх зьняволеных. ЗША зрабілі прапановы для ліквідацыі разыходжаньняў, якія засталіся паміж пазыцыямі Ізраілю і ХАМАС, чые афіцыйныя адказы чакаюцца на гэтым тыдні. Посьпех перамоваў можа прывесьці да аб’явы аб спыненьні агню.

У пятніцу прэзыдэнт Джо Байдэн выказаў асьцярожны аптымызм, заявіўшы: «Мы, як ніколі, блізкія да заключэньня пагадненьня». Аднак прэм’ер-міністар Ізраіля Нэтаньягу папярэдзіў, што, хаця Ізраіль гатовы праявіць пэўную гнуткасьць, у краны ёсьць межы. У той самы час ХАМАС выказаў незадаволенасць тым, што ён назваў новымі патрабаваньнямі Ізраіля, што прыўносіць нявызначанасьць у перамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Катары пачынаюць новыя перамовы наконт спыненьня агню ў сэктары Газа. Чаго хочуць ХАМАС і Ізраіль?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Ізраіля адрэгаваў на плян Байдэна аб замірэньні ў Газе