«Мінус яшчэ адзін мост» — 18 жніўня ў Telegram напісаў камандзір ВПС Мікалай Аляшчук. І дадаў, што «ВПС працягваюць наносіць дакладныя ўдары з паветра, што істотна ўплывае на хаду баявых дзеяньняў».
Раней расейскія ваенныя блогеры апублікавалі фота пашкоджанага моста цераз раку Сейм каля пасёлка Званнае ў Курскай вобласьці. Масква афіцыйна пакуль ніяк не камэнтуе ўдар на мосьце.
16 жніўня МЗС Расеі абвінаваціла Ўкраіну ў выкарыстаньні амэрыканскіх рэактыўных снарадаў далёкага дзеяньня для разбурэньня ключавога моста ў раёне Глушкова Курскай вобласьці, у выніку чаго загінулі «добраахвотнікі», якія дапамагалі з эвакуацыяй мірнага насельніцтва.
6 жніўня ўкраінскія войскі пачалі нечаканы контранаступ у Курскай вобласьці Расеі, зьмяніўшы дынаміку двух з паловай гадоў вайны і прымусіўшы 120 000 чалавек да эвакуацыі.
Паводле расейскіх сілавікоў, разбурэньне мосту 16 жніўня адрэзала частку раёну Глушкова, што ўскладніла эвакуацыю грамадзянскага насельніцтва з рэгіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія рэзэрвы Пуціна. Ці абыдуцца пад Курскам бяз войскаў Лукашэнкі?Аналітыкі кажуць, што падрыў мастоў на Сейме мае вырашальнае значэньне для Ўкраіны, якая хоча забясьпечыць сабе флянг наступу на Курск, ускладніўшы Маскве перасоўваньне войскаў на поўдзень ад ракі.
«Расейскія вайскоўцы цяжкія і маюць патрэбу ў складаных шляху матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня для правядзеньня апэрацый», — напісаў 18 жніўня Філіпс О’Браян, прафэсар стратэгічных дасьледаваньняў з Унівэрсытэту Сэнт-Эндрус у Шатляндыі. «Без мастоў цяжка ўявіць, як расейцы перакінуць неабходныя сілы для падтрыманьня эфэктыўнай мілітарызацыі гэтай тэрыторыі», — прыводзіць цэнтральная служба Свабоды словы навукоўца.
Тым часам амбасадар Украіны ў Нямеччыне Аляксей Макееў зьвярнуўся да Бэрліну з заклікам не вагацца ў падтрымцы Кіева на фоне паведамленьняў аб тым, што Нямеччына плянуе скараціць вайсковую дапамогу Ўкраіне ў наступным годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ня будзе вылучаць новых сродкаў для дапамогі ЎкраінеУ Расеі ў раньнія гадзіны 18 жніўня абломкі бесьпілётніка выклікалі пажар на сховішчы дызэльнага паліва на прамысловым складзе. Дрон зьбілі на паўднёвым захадзе Растоўскай вобласьці, напісаў у Telegram губэрнатар вобласьці Васіль Голубеў. Чыноўнік дадаў, што зь ліквідацыяй пажару дапамагалі ратавальнікі суседняга рэгіёну, і пацярпелых у выніку няма.
Тым часам кіраўнік вайсковай адміністрацыі Кіева Сяргей Папко заявіў, што Расея запусьціла трэцюю за месяц балістычную ракету па ўкраінскай сталіцы. Ваенна-паветраныя сілы Ўкраіны заявілі, што агулам зьбілі восем бесьпілётнікаў і пяць ракет над Кіеўскай, Сумскай і Палтаўскай абласьцямі. Пра пацярпелых не паведамляецца.
Папко ў сваім паведамленьні ў тэлеграме заявіў, што, праўдападобна, у Кіеве знайшлі абломкі паўночнакарэйскай ракеты кшталту KN-23. Раней ЗША і Паўднёвая Карэя ўжо абвінавачвалі рэжым Кім Чэн Ына ў дапамозе Пуціну ў вайне і пастаўцы ўзбраеньняў.
Таксама зьявіліся паведамленьні пра тое, што Расея шукае магчымасьці набыць у Ірана ракеты блізкай далёкасьці Fath-360 і Ababil.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Менску па-ранейшаму можна трапіць у Курск на цягніку, нягледзячы на ваенныя дзеяньні ў рэгіёне