Сьцісла:
- Тых дзеяньняў, якія актыўна дэманстравалі беларускія ўлады 10-12 жніўня, каб паказаць Расеі саюзьніцкую вернасьць, Маскве падалося недастаткова. Трэба было тэрмінова рабіць нешта яшчэ.
- 15 жніўня ў Менск тэрмінова запрасілі журналіста і вядоўцу на тэлеканале «Россия» Яўгенія Папова, каб узяць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі.
- Лукашэнка казаў усё так, каб спадабацца расейскай аўдыторыі. На хаду арганізаванае інтэрвію стала своеасаблівай формай апраўданьня і справаздачы перад Крамлём.
Даўно ўжо Лукашэнка не даваў інтэрвію замежным мэдыя. Відаць, няма асабліва ахвотных зь ім размаўляць. Ён стаў малацікавы: усё, што мог, ужо нагаварыў за 30 гадоў. Цяпер толькі паўтарае сам сябе ў розных варыяцыях. Але зараз — асаблівы выпадак.
Мяркуючы па ўсім, тых дзеяньняў, якія актыўна дэманстравалі беларускія ўлады 10-12 жніўня, каб паказаць Расеі саюзьніцкую вернасьць, Маскве падалося недастаткова. Трэба было тэрмінова рабіць нешта яшчэ, бо ў Крамлі засталіся незадаволеныя. Магчыма, расцанілі актыўнасьць афіцыйнага Менску як паказную, фармальную, разьлічаную на вонкавы эфэкт.
І беларускія ўлады прыдумалі. 15 жніўня ў Менск тэрмінова запрасілі вядомага прапагандыста і вядоўцу грамадзка-палітычнага ток-шоў «60 хвілін», дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Яўгенія Папова, каб узяць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі для тэлепраграмы «Вялікія нядзельныя весткі» на тэлеканале «Россия». Інтэрвію доўжылася каля дзьвюх гадзінаў. Толькі ў нядзелю зьявілася яго поўная вэрсія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Карбалевіч пра рэакцыю Лукашэнкі на ўкраінскі наступ у Курскай вобласьціШто сказаў Лукашэнка?
Галоўны мэсыдж, які хацеў данесьці беларускі ўладар да Крамля і расейскай эліты, дзеля чаго, відавочна, і было арганізаванае гэтае інтэрвію, наступны: «Гэта агульная — Беларусі і Расеі — вайна супраць гэтых зьвяроў… Стаім плечы ў плечы… Мы не дазволім рускім у сьпіну страляць».
На працягу апошніх тыдняў расейскія блогеры ня раз папракалі Лукашэнку: маўляў, адвёў свае войскі ад украінскай мяжы, у выніку чаго камандаваньне Ўкраіны тыя вайсковыя падразьдзяленьні, якія вызваліліся, накіравала ў Курскую вобласьць. Лукашэнка запэўнівае, што цяпер беларускія войскі высунулі да мяжы («траціну войска мы ўвялі»), украінцы вымушаныя рэагаваць, такім чынам Беларусь дапамагае расейцам ў Курскай вобласьці. Ён кажа: «Яны ж (украінцы — аўт.) перакінулі падразьдзяленьні да нашай мяжы дадаткова, калі ўбачылі, што мы фармуем адпаведныя падразьдзяленьні на мяжы».
Лукашэнка казаў усё так, каб спадабацца расейскай аўдыторыі: «Імпэрыю гэтую яшчэ ніхто не перамагаў і не пераможа — Расею».
Зноў вярнулася ваяўнічая рыторыка на адрас Захаду. Заходніх палітыкаў Лукашэнка назваў «зьвярамі», «шалёнымі», «вар’ятамі», «нацыстамі». Гучалі традыцыйныя пагрозы, у тым ліку, чарговым разам абяцаў ужыць ядзерную зброю ў нейкай крытычнай сытуацыі.
Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў сваю асаблівую ролю ў расейскай палітыцы. «Мы з прэзыдэнтам Пуціным…» — рэфрэнам гучала праз усё інтэрвію.
На хаду арганізаванае інтэрвію стала своеасаблівай формай апраўданьня і справаздачы перад Крамлём.
Але гэтым справа не абмежавалася. 16 жніўня, праз 10 дзён пасьля пачатку ўкраінскімі вайскоўцамі курскай апэрацыі, Лукашэнка нарэшце правёў нараду ў пытаньнях ваеннай бясьпекі. Падчас яе міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацыяў з боку Ўкраіны». Такая вось запозьненая дэманстрацыя салідарнасьці з Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заклікалі сваіх грамадзян не наведваць Беларусь і пералічылі ўсе рызыкі