У менскай міліцыі расказалі, як выкарыстоўваюць штучны інтэлект

Міліцыя ў Менску ў часе акцыяў пратэсту 19 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

«Ужо даўно выкарыстоўваем штучны інтэлект як працоўны інструмэнт, хоць завесу таямніцы для абывацеляў прыадчынілі толькі нядаўна».

Кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Мінгарвыканкаму Міхаіл Грыб паведаміў, што ў сваёй дзейнасьці міліцыя выкарыстоўвае штучны інтэлект.

«Галоўны рэсурс міліцыі — гэта супрацоўнік. Калі выклікаюць на сямейна-бытавы канфлікт, трэба быць псыхолягам. Працуючы з дзецьмі, — пэдагогам. Наўрад ці штучны інтэлект здольны на эмпатыю такога ўзроўню. Але ў той жа час разумеем, што будучыня — за кампутарнымі тэхналёгіямі. Таму ўжо даўно выкарыстоўваем штучны інтэлект як працоўны інструмэнт, хоць завесу таямніцы для абывацеляў прыадчынілі толькі нядаўна», — сказаў Міхаіл Грыб у інтэрвію выданьню sb.by.

Паводле яго, штучны інтэлект актыўна выкарыстоўвае Дзяржаўтаінспэкцыя: альгарытмы аналізуюць дарожную абстаноўку па ўсім горадзе і паказваюць на заторы, парушэньні правілаў дарожнага руху, могуць вызначыць асобаў без права кіраваньня і ідэнтыфікаваць асобы парушальнікаў — кіроўцаў, карыстальнікаў сродкаў пэрсанальнай мабільнасьці (СПМ) або пешаходаў.

Міхаіл Грыб паведаміў, што для грамадзкай бясьпекі выкарыстоўваюцца некалькі тысяч камэр назіраньня, і іх колькасьць будзе павялічвацца. Апроч таго, новыя тэхналёгіі плянуюць задзейнічаць для абмежаваньня хуткасьці СПМ, каб наблізіць яе да хуткасьці руху пешахода.

Паводле яго, штучны інтэлект таксама выкарыстоўваюць «для раскрыцьця злачынстваў мінулых гадоў».

«Але важна памятаць: тэхналёгіі значна паскараюць працу, аднак усімі гэтымі рэсурсамі, бясспрэчна, павінен кіраваць чалавек», — дадаў кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Мінгарвыканкаму.

Міхаіл Грыб таксама дадаў, што менская міліцыя таксама ажыцьцяўляе маніторынг інфармацыі ў Інтэрнэце, каб «абараніць грамадзян».

«Ня буду прыхоўваць: рэсурсы экстрэмісцкага кшталту таксама ў нашым полі зроку», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады не разумеюць, як можна працаваць з грамадзтвам без рэпрэсіяў, — сацыёляг Коршунаў

З восені 2021 году да пачатку 2024-га Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства ўнутраных спраў прызналі 169 суб’ектаў «экстрэмісцкімі фарміраваньнямі». У пералік уключаюць незалежныя СМІ, сацыяльныя сеткі блогераў, музычныя калектывы, Telegram-каналы, чаты, грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў новыя скаргі беларускіх журналістаў