Міністэрства аховы здароўя будзе рэгуляваць цэны на кансультацыі дактароў-спэцыялістаў

Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў дапоўніў пералік мэдычных паслуг, тарыфы на якія рэгулюе Міністэрства аховы здароўя, як вынікае з пастановы ўраду № 596 ад 15 жніўня.

Дакумэнт апублікаваны 16 жніўня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале, ён уступіць у сілу 1 лістапада 2024 году.

Згодна з пастановай, Міністэрства здароўя пры ўзгадненьні зь Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю будзе кантраляваць цэны на «прыёмы (кансультацыі) лекараў-спэцыялістаў».

Цяпер у пералік рэгуляваных дзяржавай мэдычных паслуг уваходзяць «стаматалягічныя паслугі», «дыягнастычныя паслугі (лябараторная, прамянёвая, ультрагукавая, функцыянальная і эндаскапічная дыягностыка)» і «мэдычны агляд стану здароўя грамадзян для атрыманьня мэдычнай даведкі аб стане здароўя, якая пацьвярджае прыдатнасьць да кіраваньня аўтамабілямі з ручным кіраваньнем».

14 жніўня Міністэрства аховы здароўя ў афіцыйным камэнтары з нагоды ўступленьня ў сілу пастановы ведамства № 128 ад 8 жніўня пазначыла, што арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць платныя мэдычныя паслугі, «павінны ўключаць у кошт цану набыцьця лекавых прэпаратаў і мэдычных вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пры аказаньні платных мэдычных паслуг».

«З гэтага моманту выключаецца магчымасьць гандлёвых надбавак у гэтым сэгмэнце мэдычных паслуг», — гаворыцца ў камэнтары.

Дакумэнт таксама рэгулюе акругленьне тарыфаў на платныя паслугі. Гэта зроблена для «недапушчэньня перавышэньня» гранічных максымальных тарыфаў, нарматыву рэнтабельнасьці, максымальных надбавак і каэфіцыентаў.

  • 20 траўня паведамлялі, што Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шэраг парушэньняў у цэнаўтварэньні ў сфэры аказаньня мэдычных паслуг. У гэтай сувязі КДК і ўрад унесьлі прапановы, а Міністэрства здароўя паведаміла, што распрацаваны плян захадаў для ліквідацыі недахопаў.
  • Паводле намесьніка міністра аховы здароўя Аляксандра Старавойтава, перагледжаны парадак вызначэньня і стасаваньня тарыфаў на платныя мэдычныя паслугі, што «дасьць магчымасьць забясьпечыць адзіныя падыходы да фармаваньня сабекошту» гэтых паслуг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зацьвердзілі парадак вызначэньня тарыфаў на платныя мэдыцынскія паслугі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь апынулася ў канцы сусьветнага рэйтынгу сыстэм аховы здароўя