Суд у Маскве арыштаваў грамадзяніна ЗША за напад на паліцыянтку

Джозэф Татэр

Раённы суд Масквы арыштаваў да 14 кастрычніка грамадзяніна ЗША Джозэфа Татэра паводле абвінавачаньня ў гвалце адносна прадстаўніка ўлады. Яму пагражае да пяці гадоў калёніі за, як сьцьвярджаецца, удар у перадплечча супрацоўніцы паліцыі.

12 жніўня Татэру адмовілі ў засяленьні ў гатэль у Маскве, як сьцьвярджаецца, з прычыны браку міграцыйнай карты. Яго затрымалі выкліканыя ў гатэль паліцыянты і даставілі ў пастарунак. Там ён і ўдарыў паліцыянтку, настойвае абвінавачаньне.

У сераду суд арыштаваў яго паводле адміністрацыйнага артыкулу аб дробным хуліганстве. Новае абвінавачаньне супраць яго крымінальнае. Пазыцыя самога Татэра невядомая. Яго адвакат прасіў прызначыць амэрыканцу меру стрыманьня, ня зьвязаную з арыштам.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША рэкамэндуе грамадзянам ня езьдзіць у Расею. Напярэдадні прадстаўнік Дэпартамэнту Вэдант Патэль паведаміў журналістам, што Вашынгтону вядома пра арышт яшчэ аднаго амэрыканца ў Расеі.

У чацьвер у Расеі суд вынес вырак у крымінальнай справе яшчэ адной амэрыканкі, Ксеніі Карэлінай. Акрамя амэрыканскага, яна мае расейскае грамадзянства. Яе абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе за перавод ахвяраваньня амэрыкана-ўкраінскай некамэрцыйнай арганізацыі, якая падтрымлівае ў тым ліку ўкраінскую армію. Суд прызначыў Ксеніі Карэлінай 12 гадоў калёніі.

  • 1 жніўня паміж Расеяй і некалькімі заходнімі краінамі на чале з ЗША адбыўся абмен вязьнямі. У яго межах у Расею вярнуліся 8 агентаў спэцслужбаў і двое дзяцей, на Захад трапілі некалькі амэрыканцаў, у тым ліку журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава і група расейскіх апазыцыянэраў, усяго 16 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў лічыць, што можа адбыцца абмен і беларускімі палітвязьнямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краіна, якая засталася ўбаку». The New York Times пра абмен вязьнямі, які не закрануў палітзьняволеных Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызвалены ў рамках абмену расейскі шпіён браў у Варшаве інтэрвію ў Латушкі і Зарэмбюка