Стала вядома, колькі вагнэраўцаў загінулі ў Малі ў ліпені і ці ўдзельнічала ў гэтым Украіна

Акцыя ўшанаваньня загінулых у Малі вагэраўцаў. Масква, 4 жніўня 2024 году. Фота REUTERS

Раней лічылі, што ў Малі маглі загінуць сама меней 20 вагнэраўцаў.

Паўстанцы ў Малі зьняпраўдзілі датычнасьць Украіны і іншых іншаземных краін да зьнішчэньня калёны вагнэраўцаў у часе актыўных баёў у канцы ліпеня.

Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка паўстанцкага альянсу туарэгаў Малі, йдзецца па меншай меры пра 84 расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» і 47 малійскіх салдат, якія ваявалі на баку вайсковай улады краіны.

Гэта стала найбольшымі стратамі ПВК «Вагнэр» за апошнія два гады, калі падразьдзелы гэтай кампаніі ўвайшлі ў Малі, каб дапамагчы вайсковым уладам заходнеафрыканскай краіны змагацца з паўстанцкімі групамі.

Што папярэднічала

28 ліпеня агенцтва Reuters паведаміла, што страты з боку малійцаў маглі скласьці два чалавекі, а з боку наймітаў — сама меней 20 чалавек.

Малійская ўзброеная кааліцыя «Пастаяннае стратэгічнае партнэрства за мір, бясьпеку і разьвіцьцё» (CSP-PSD), апазыцыйная афіцыйным уладам, заявіла, што ў выніку баёў, якія доўжыліся з 25 ліпеня, непадалёк ад паселішча Тын-Заўатын на мяжы з Альжырам, яна захапіла аўтамабілі і бранятэхніку, якія належалі войскам ураду Малі і іхным расейскім хаўрусьнікам. Прадстаўнікі кааліцыі сказалі, што частка малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў, якія засталіся ў жывых, уцяклі, а астатнія здаліся ў палон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малі меркавана загінулі расейскія найміты ПВК «Вагнэр»

Міністэрства абароны Малі пацьвердзіла, што ў выніку сутыкненьняў на поўначы краіны забітыя двое вайскоўцаў і 10 параненыя. Таксама ведамства заявіла, што забітыя прынамсі 20 нападнікаў з боку паўстанцаў.

Расейскія каналы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр», апублікавалі фатаздымкі з Малі. На іх целы забітых і згарэлая тэхніка. Былы супрацоўнік місіі ААН у горадзе Кідаль на поўначы Малі заявіў агенцтву AFP, што сама меней 15 расейскіх наймітаў забітыя альбо ўзятыя ў палон пасьля трохдзённага бою. Удзельнік сэпаратысцкага руху туарэгаў Моса Аг-Інзома сьцьвярджае, што ідзецца пра «многія дзясяткі» забітых і ўзятых у палон, паведамляла расейская служба ВВС.

Таксама расейскія Telegram-каналы, зьвязаныя з наймітамі ў Афрыцы, напісалі пра гібель у Малі вядомага Z-блогера, аўтара Youtube-каналу Grey Zone з пазыўным «Белы». Як мяркуецца, гэта 31-гадовы ўраджэнец Ліпецкай вобласьці Мікіта Фядзянін. «Загінуў годна, са зброяй у руках», — пішуць пра яго ўльтраправыя каналы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ПВК «Вагнэр» пацьвердзілі гібель сваіх наймітаў у Малі

29 ліпеня ў ПВК «Вагнэр» пацьвердзілі гібель сваіх наймітаў у Малі, у тым ліку камандзіра 13-га штурмавога атраду Сяргея Шаўчэнкі і яшчэ часткі наймітаў. У выніку баёў, якія працягваліся з 22 да 27 ліпеня каля паселішча Тын-Заўатын, урэшце засталіся толькі тры чалавекі, але і іхны лёс невядомы.

Прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 29 ліпеня заявіў, што паўстанцы ў Малі атрымалі неабходную інфармацыю, якая дапамагла ім правесьці апэрацыю супраць наймітаў ПВК «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Малі пасьля зьнішчэньня вагнэраўцаў разарваў дыпляматычныя дачыненьні з Украінай

5 жніўня ўрад Малі абвясьціў пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў з Украінай праз «падтрыманьне дзеяньняў плямёнаў туарэгаў», якія нядаўна зьнішчылі калёну малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр».

Празь некалькі дзён пасьля гэтага Нігер таксама разарваў дыпляматычныя дачыненьні з Украінай пасьля зьнішчэньня на малійскай тэрыторыі падразьдзелу прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

«Урад Рэспублікі Нігер, цалкам салідарны з урадам і народам Малі, вырашыў, абапіраючыся на свой сувэрэнітэт, разарваць дыпляматычныя дачыненьні паміж Рэспублікай Нігер і Ўкраінай. Гэтае рашэньне набывае моц неадкладна», — адзначаецца ў рашэньні нігерскага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна краіна Афрыкі разарвала сувязі з Украінай празь зьнішчэньне вагнэраўцаў у Малі. У Кіеве адрэагавалі

Асаблівасьці сытуацыі ў Нігеры і Малі

З 2012 году сытуацыя ў Малі нестабільная з прычыны актыўнасьці радыкальных сэпаратысцкіх груповак. У 2022 годзе ў выніку вайсковага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла хунта на чале з палкоўнікам Асімі Ґоіта. Ён утрымлівае ўладу ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ўзброеных структураў, зьвязаных з расейскай ПВК «Вагнэр».

У Нігеры і Малі кіраваньне ажыцьцяўляюць вайсковыя ўрады, якія прыйшлі да ўлады гвалтоўным шляхам, у выніку перавароту. Адразу пасьля гэтага абедзьве краіны выйшлі з абаронных дамоваў з Францыяй і зьвярнуліся па вайсковую дапамогу да Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПВК «Вагнэр» аднавіла набор наймітаў для адпраўкі ў Афрыку. Стала вядома, хто гэтым займаецца ў Беларусі