У Расеі Сьвярдлоўскі абласны суд асудзіў Ксенію Карэліну, якая мае адначасова грамадзянства Расеі і ЗША, на 12 гадоў калёніі.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, абвінавачваньне прасіла 15 гадоў зьняволеньня. Яе асудзілі за дзяржаўную здраду.
Ксенію Карэліну затрымалі сёлета ў студзені. Спачатку яе арыштавалі на 14 содняў нібыта за дробнае хуліганства, але пасьля заканчэньня тэрміну арышту яе ня вызвалілі і затрымалі 7 лютага ўжо па крымінальнай справе паводле факту дзяржаўнай здрады.
Паводле вэрсіі сьледзтва, 24 лютага 2022 году, у дзень расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, абвінавачаная перавяла 52 даляры з свайго рахунку ў банку ЗША на рахунак украінскага фонду Razom for Ukraine. Паводле вэрсіі Фэдэральнай службы бясьпекі, Карэліна такім чынам фінансавала Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
Адвакат Міхаіл Мушаілаў расказаў, што інфармацыю пра транзакцыю двухгадовай даўнасьці спэцслужбы атрымалі ў выніку праверкі тэлефона затрыманай.
Карэліна прызнала віну, але яе абаронцы плянуюць часткова абскардзіць вырак.