Міністэрства фінансаў Літвы распрацавала і перадала на разгляд ураду праекты пастаноў аб разрыве дамоваў зь Беларусьсю і Расеяй аб супрацы ў мытнай сфэры.
Як паведаміла выданьне lrt.lt, з пачатку шырокамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году літоўская мытня не супрацоўнічала і не абменьвалася інфармацыяй з мытнымі службамі Расеі і Беларусі.
«Аднак асобы, якія маюць гандлёвыя дачыненьні з гэтымі краінамі, падаюць мытні і судам дакумэнты, выдадзеныя мытнымі органамі гэтых краін, у якасьці доказаў законнасьці гандлю і выкананьня міжнародных санкцый», — адзначаецца ў паведамленьні.
Літва падпісала дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 году ў Вільні, а з Расеяй аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў галіне мытнай дзейнасьці — у лютым 1995 году ў Маскве.
У той жа час датычна дамовы зь Беларусьсю пастановы ўраду Літвы пра дэнансацыю недастаткова. Гэтае рашэньне павінны ўхваліць прэзыдэнт і парлямэнт краіны, удакладніла выданьне.
13 жніўня генэральная пракурорка Літвы Ніда Грунскене заявіла пра павелічэньне колькасьці спробаў абысьці санкцыі супраць Беларусі і Расеі.
«Цяпер, калі я не памыляюся, вядзецца каля 50 дасудовых расьсьледаваньняў. Я ведаю, што рашэньні былі ўхваленыя па некаторых зь іх. [...] Гэта сьведчыць, што спробаў абыходу становіцца ўсё больш, і ёсьць складанасьці. Але мы працуем у гэтым кірунку», — сказала Ніда Грунскене журналістам.
Паводле яе, у ліку такіх спраў ёсьць адна, якая тычыцца кантрабанды зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія ўлады толькі парадаваліся». Па кім ударыць забарона на праезд у ЭЗ машын зь беларускімі нумарамі
13 жніўня Служба фінансавых расьсьледаваньняў Літвы паведаміла аб расьсьледаваньні супраць сямі фізычных і чатырох юрыдычных асоб Літвы, якія ў парушэньне міжнародных санкцый працягвалі гандляваць з Расеяй.
Згодна з матэрыяламі дасудовага расьсьледаваньня, кошт паставак ацэньваецца амаль у 1,9 мільёна эўра. Прадукцыю набывалі ў розных краінах Эўразьвязу і адпраўлялі ў Расею. Пры гэтым у мытныя дакумэнты ўпісвалі зусім іншую прадукцыю, а ў якасьці краін-атрымальніц называлі Турэччыну, Казахстан, Узбэкістан і Беларусь.
Для збору дадатковых доказаў у Вільні правялі 18 ператрусаў па месцы пражываньня грамадзян Літвы і ў памяшканьнях юрыдычных асобаў. На час дасудовага расьсьледаваньня ім забаранілі распараджацца сваёй маёмасьцю.
Згодна зь літоўскім заканадаўствам парушэньне міжнародных санкцый караецца штрафам у вялікім памеры або пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў.