У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» адвакат, палітык, былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч расказвае пра дзейнасьць студэнцкіх незалежных арганізацыяў на пачатку 1990-х.
— Што рабіла Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (ЗБС) у тыя часы?
— Яшчэ да майго паступленьня у БДУ, яшчэ да распаду СССР у 1991 годзе ЗБС арганізавала пратэсты супраць выкладаньня гісторыі КПСС і адмяніла гэтае выкладаньне.
Калі я стаў студэнтам БДУ, у нас, у ЗБС, было памяшканьне, якое засталося ад камсамолу. Мы рабілі як пратэставыя акцыі, так і канцэрты беларускамоўных бардаў, розныя культурныя мерапрыемствы. Па сёньняшніх варунках мы мелі поўнае спрыяньне з боку адміністрацыі — проста інфармавалі, што нам патрэбная заля для мерапрыемства.
Можна сказаць, гэта быў зорны час, калі можна было адстойваць правы студэнтаў, у тым ліку і сацыяльныя. Я, першакурсьнік, мог спакойна прыйсьці да прарэктара БДУ і запатрабаваць зьнізіць кошты для абітурыентаў за пражываньне ў інтэрнаце. І прарэктар праз тры хвіліны падпісваў такі загад пра зьніжэньне коштаў.
…Калі я атрымаў сваю першую адміністратыўную судзімасьць, мяне выклікаў дэкан факультэту і сказаў: «Слухай, Алесь, ты маеш памяшканьні для любых сваіх канфэрэнцыяў і канцэртаў, калі ласка, не займайся несанкцыянаванымі акцыямі».
— За што маглі судзіць студэнцкага лідэра ў 1993 годзе, яшчэ да абраньня Лукашэнкі?
— Мы зладзілі сьвяткаваньне 50-х угодкаў Саюзу беларускай моладзі (СБМ) — патрыятычнай арганізацыі, створанай у Беларусі падчас нацысцкай акупацыі. І зразумела, што ўсё, што было пад акупацыяй, лічылася фашыстоўскім і было непрымальна для ўладаў і значнай часткі грамадзтва.
Пасьля, калі ўжо абралі Лукашэнку, то мы, ЗБС, арганізавалі акцыю «Дзякуй прэзыдэнту за хлеб і малако». Лукашэнка, калі ішоў на прэзыдэнцкія выбары, абяцаў, што цэны ня будуць падвышацца. Але праз пару тыдняў пасьля абраньня падвысіў цэны на хлеб і малако ў некалькі разоў. І мы вывелі некалькі тысяч студэнтаў на акцыю пад лёзунгамі «Новым цэнам — нашае „Так“», «Дзякуй прэзыдэнту за хлеб і малако», паказваючы, што студэнты не пагадзіліся з тым, што Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, і што мы будзем арганізоўваць пратэсты.
Цалкам інтэрвію з Алесем Міхалевічам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».