У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што па-ранейшаму не назіраюць перакіданьня Ўзброенымі сіламі Беларусі сваіх асабовага складу і вайсковай тэхнікі на мяжу з Украінай.
«За апошні час сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю ўвогуле не зьмянілася. Яна цалкам кантраляваная, і нейкіх нестандартных сытуацый на мяжы мы не назіралі», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка раніцай 15 жніўня ў этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, беларускі бок, знаходзячыся пад уплывам Расеі, суправаджае яе інфармацыйныя апэрацыі.
«Нават нягледзячы на тое, што яны рабілі відэаматэрыялы, як грузяць тэхніку на плятформы, побач з нашай мяжой мы гэтага не назіраем. Не адбываецца ні перамяшчэньня тэхнікі, ні асабовага складу», — дадаў ён.
Андрэй Дземчанка падкрэсьліў, што за сытуацыяй на памежнай беларускай тэрыторыі пільна назіраюць падразьдзелы выведкі Міністэрства абароны і Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, каб разумець, наколькі сытуацыя можа зьмяніцца.
«Гэты кірунак застаецца для нас важным у пляне абароны. Мы разумеем, што Беларусь працягвае граць на руку Крамля — і інфармацыйнымі ўкідамі, і іншымі момантамі, таму мы павіны мець моцныя абарончыя пазыцыі па ўсёй працягласьці мяжы зь Беларусьсю — ад Валыні да Чарнігаўшчыны, што і робім. І ня толькі непасрэдна на лініі мяжы, а і ў памежжы, у інжынэрна-фартыфікацыйным дачыненьні», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Лукашэнкі непасрэдны ўдзел у вайне з Украінай — гэта хуткая палітычная сьмерць, — Яўген МагдаШто папярэднічала
10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генэральнага штабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.
Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».
Пазьней Міністэрства абароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў.
Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.
МЗС Беларусі ўручыла часовай паверанай у справах Украіны ў Беларусі Вользе Цімуш ноту пратэсту ў сувязі з «парушэньнем мяжы» Беларусі, а таксама прыгразіла «адказам для абароны сваёй тэрыторыі» і закрыцьцём украінскай амбасады ў Беларусі.
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ў адказ на заявы Лукашэнкі падкрэсьлілі, што «беларускі дыктатар не прывёў ніякіх доказаў сваёй безадказнай і правакацыйнай заявы» і што, «з усяго відаць, Лукашэнка спрабуе ўчыніць нейкую правакацыю ў інтарэсах Расеі».