Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пагрозу эпідэміі інфэкцыі mpox глябальнай надзвычайнай сытуацыяй

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) другі раз за 2 гады абвясьціла надзвычайнай сытуацыяй па ўсім сьвеце пагрозу распаўсюджваньня інфэкцыі mpox, паведамляе Reuters. Раней гэту інфэкцыю называлі «воспай малпаў», але ў 2022 годзе назву прызналі састарэлай і замянілі на абрэвіятуру.

На пасяджэньні 14 жніўня чыноўнікі САЗ паведамілі, што ў апошнія тыдні назіраецца буйны рост выпадкаў захворваньня mpox у краінах Афрыкі, і хвароба можа распаўсюдзіцца і на іншыя кантынэнты.

Генэральны дырэктар САЗ Тэдрас Гебрэйсус напісаў у сацсетцы Х, што сытуацыя з mpox выклікае асьцярогі ўжо на міжнародным узроўні. Ён дадаў, што САЗ будзе працаваць як у краінах, закранутых успышкай хваробы, гэтак і па ўсім сьвеце.

Раней рэжым надзвычайнай сытуацыі з прычыны становішча з інфэкцыяй mpox абвясьцілі ў Афрыцы. З пачатку 2024 году ў 18 краінах Афрыкі было зарэгістравана больш за 15 тысяч выпадкаў захворваньня і 461 сьмерць, што на 160% больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд. Больш за 90% выпадкаў прыпадае на Дэмакратычную Рэспубліку Конга. Некаторыя афрыканскія краіны — Бурундзі, Кенія, Руанда і Ўганда — паведамілі пра заражэньні mpox ўпершыню.

Па словах мэдыкаў, Афрыка мае патрэбу ў першую чаргу ў тэрміновай вакцынацыі насельніцтва ад mpox. Для кантролю над захворваньнем у Афрыцы неабходна 10 мільёнаў дозаў вакцыны, у той час як цяпер даступна толькі 200 тысяч дозаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У малпавай воспы будзе новая назва, каб не стыгматызаваць малпаў
  • САЗ ужо абвяшчала ўспышку mpox надзвычайнай глябальнай сытуацыяй у ліпені 2022 году. Да таго моманту было зарэгістравана больш за 16 тысяч выпадкаў захворваньня прыкладна ў 70 краінах. Упершыню пра выпадкі заражэньня mpox па-за межамі Афрыкі стала вядома амаль год таму.
  • Празь 10 месяцаў САЗ абвясьціла, што сытуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль, і спыніла дзеяньне надзвычайнай сытуацыі. Новая ўспышка, хутчэй за ўсё, стала сьледзтвам зьяўленьня новага штаму вірусу.
  • Mpox — віруснае захворваньне, якое нагадвае сымптомамі натуральную воспу, аднак працякае, як правіла, лягчэй. Спэцыфічных лекаў ад хваробы няма, яна звычайна праходзіць сама на працягу 2-4 тыдняў, аднак зафіксаваныя і сьмяротныя зыходы, асабліва ў людзей сталага веку і са зьніжаным імунітэтам.
  • САЗ перайменавала «воспу малпаў» у mpox, каб не стыгматызаваць малпаў. Пасьля глябальнага распаўсюду захворваньня былі выпадкі, калі праз боязь заразіцца ў заапарках масава забівалі здаровых малпаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўропе зафіксавалі першы выпадак сьмерці ад воспы малпаў