Гэты год — рэкордны для рынку менскай нерухомасьці за апошнія 9 гадоў у пляне коштаў і попыту. Такія дадзеныя вынікаюць з аналітыкі Realt.by. У чэрвені, паводле папярэдніх вынікаў, адбылося невялікае зьніжэньне: упершыню за паўгода сярэдняя цана на прададзеныя кватэры зьнізілася на 1,3%. Сярэдняя цана квадратнага мэтра пры гэтым усё адно большая за 1500 даляраў.
Чаму беларусы набываюць кватэры
Свабода паразмаўляла зь некалькімі рыэлтарамі. Яны называюць наступныя прычыны, дзеля якіх бум на жыльлё працягваецца:
- Жаданьне палепшыць жыльлёвыя ўмовы.
- Працягваецца будаўніцтва новага жыльля.
- Рост прыбыткаў і жаданьне ўкладаць сродкі ў нерухомасьць.
- Жаданьне пераехаць з рэгіёнаў у Менск.
«Ёсьць свая кватэра, ёсьць танны крэдыт. Можна прадаць старую і набыць нешта лепшае з даплатай», — прыводзіць прыклад матывацыі адзін з суразмоўцаў.
Згодна з апытаньнем дасьледчага цэнтру Beroc, якое праводзілася сёлета ў траўні, 27% беларусаў хацелі б захоўваць свае ашчаджэньні, укладаючы іх у нерухомасьць. Гэта другі па папулярнасьці адказ. Першы — наяўныя даляры — 37% апытаных.
Што далей будзе з крэдытамі на жыльлё
Попыт на нерухомасьць сёлета зьвязаны таксама з выгаднымі жыльлёвымі крэдытамі. За паўгода беларускія банкі выдалі 1,73 мільярда рублёў крэдытаў фізычным асобам пад нерухомасьць. Агулам жа беларусы ўзялі ў банках за паўгода 7,59 мільярда рублёў крэдытаў, гэта на 27,9% больш, чым за такі ж пэрыяд летась.
На гэта паўплывалі крэдытныя стаўкі: калі летась у чэрвені сярэдняя стаўка па крэдытах была 10,29% гадавых, то сёлета — 9,91%.
На думку экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, зараз сытуацыя ў беларускай эканоміцы спрыяе набыцьцю нерухомасьці: вырасьлі прыбыткі пры даступных крэдытах.
«Упэўненасьць спажывальнікаў мацнейшая, чым у сьнежні 2021 году — да вайны. Тады тых, хто нэгатыўна ацэньваў сытуацыю ў эканоміцы, было на 25% болей. Людзі актыўна бяруць крэдыты, банкі іх ахвотна выдаюць. Таксама ўскладнілася магчымасьць ашчаджэньня ў валюце праз санкцыі», — мяркуе экспэрт.
Згодна з аналітыкай Beroc, попыт на жыльлё таксам зьвязаны зь меншымі адчуваньнямі рызыкі сярод людзей, што да ўкладаньня грошай: з аднаго боку, людзі бачаць рост даходаў, зь іншага — жорсткае рэгуляваньне цэнаў з боку дзяржавы.
У будучыні Анатоль Харытончык прагназуе павольнае затуханьне крэдытаваньня.
«Эканоміка даволі моцна перагрэтая, таму будзе паступовае аслабленьне дынамікі. Даходы таксама будуць запавольвацца. Працэнтныя стаўкі па крэдытах будуць павольна падрастаць, але сёлета яшчэ будуць высокія тэмпы крэдытаваньня нерухомасьці», — прагназуе экспэрт.
То бок пры зьмяншэньні даходаў і пагаршэньні ўмоваў крэдытаваньня рынак нерухомасьці пачне збаўляць абароты, і тэмпы крэдытаваньня ўпадуць.
Таксама Анатоль Харытончык не выключае рэзкага шоку для рынку, аднак на гэта могуць паўплываць толькі крызісныя зьявы ў сусьветнай эканоміцы ці рэзкія праблемы ў Расеі.
«Такі сцэнар таксама імаверны, але менш імаверны, чым паступовае аслабленьне і затуханьне росту крэдытаваньня і росту рынку нерухомасьці», — разважае суразмоўца.
Што да траты ашчаджэньняў на нерухомасьць, то трэба зьвярнуць увагу на прагнозы: ці не патаньнее, напрыклад, набытая цяпер кватэра і ці будуць далей расьці даходы, каб без праблем выплачваць крэдыт, раіць Анатоль Харытончык.
Яшчэ ў студзені Нацбанк у дакладзе за подпісам першага намесьніка праўленьня Сяргея Калечыца папярэджваў аб праблемах, зьвязаных з такімі тэмпамі крэдытаваньня. Асьцярогі выклікалі «лішнія грошы», якія зьявіліся ў эканоміцы праз крэдыты. Пакуль, аднак, працэнтныя стаўкі застаюцца прывабнымі, а аб’ём крэдытаваньня не зьніжаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзям трэба ў нешта ўкладаць». Чаму ў Беларусі на фоне крызісу здарыўся бум на рынку нерухомасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бум на рынку нерухомасьці. Разьбіраемся, чаму так адбываецца