Юры Чыж, некалі набліжаны да Лукашэнкі самы ўплывовы бізнэсовец у Беларусі, які трапіў у няласку Лукашэнкі і быў асуджаны за «махлярства і легалізацыю злачынных даходаў», вярнуў поўны кантроль над кампаніяй «Трайпл». Ён стаў гендырэктарам фірмы, якую выратавалі ад банкруцтва, заўважыла выданьне «Люстэрка».
29 ліпеня ў Эканамічным судзе Менску адбылося чарговае паседжаньне ў справе аб банкруцтве кампаніі «Трайпл». На ім антыкрызіснага кіраўніка вызвалілі ад абавязкаў, вынікае з рашэньня суду, апублікаванага ў Адзіным дзяржрэестры зьвестак аб банкруцтве.
Незадоўга да гэтага, 1 ліпеня, уладальнік кампаніі Юры Чыж заступіў на пасаду гендырэктара. Пасьля гэтага антыкрызісны кіраўнік перадаў яму ўсю дакумэнтацыю і пячаткі.
Цяпер доля ў 66,5% гэтай кампаніі належыць Юрыю Чыжу. Каб уратаваць сваю частку «імпэрыі з трыццацігадовай гісторыяй», Чыжу давялося нават судзіцца са сваімі сынамі.
17 траўня 2024 году ў судзе спынілі вядзеньне справы аб эканамічнай неплатаздольнасьці «Трайпла». Тады агульны памер непагашаных патрабаваньняў крэдытораў складаў 137,3 мільёна рублёў. У той жа час памер актываў кампаніі ацэньваўся ў 147,2 мільёна рублёў, гэта значыць актывы перавышалі абавязаньні.
Гісторыя з банкруцтвам «Трайпла» пачалася ўлетку 2020 году. У 2021 годзе кампанію прызналі банкрутам. Каля трох гадоў яна знаходзілася ў працэдуры санацыi, гэта значыць яе ўладальнікі пры дапамозе кіраўнікоў спрабавалі аднавіць платаздольнасьць даўжніка перад крэдыторамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збанкрутавала кампанія Юрыя Чыжа, якая валодала запраўкамі «Трайпл»
- Беларускі бізнэсовец Юры Чыж лічыўся галоўным «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы ад дзяржавы доступ да таннай расейскай нафты, ён раней з дапамогай свайго партнэра ўсяго за паўтара года зарабіў больш як пяць мільярдаў даляраў на маніпуляцыях з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. Аднак пазьней бізнэсовец трапіў у няласку да Лукашэнкі.
- У сакавіку 2021 году Юрыя Чыжа затрымалі па вяртаньні з Масквы. Разам зь ім затрымалі кіраўнікоў некалькіх кампаній — тых, што засталіся ў бізнэсоўца пасьля разгрому ягонай імпэрыі. Прэтэнзіі ў сілавікоў тады ўзьніклі да топ-мэнэджмэнту «Кварцкрэйдапраму» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забясьпечвала крэйдай бярозаўскі завод будаўнічых матэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Пасьля прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які тады пасьпяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры зь якіх у Менску, перад гэтым забралі ліцэнзію на продаж паліва.
- На судзе ў лютым 2023 году Юрыя Чыжа прызналі вінаватым у легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў махлярстве, і прысудзілі 3,5 года зьняволеньня. Як вынікае з прысуду, ад адбываньня тэрміну ў калёніі Юрыя Чыжа вызвалілі — ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакараньня тое, што ён ужо адседзеў. Па некаторых выстаўленых раней абвінавачаньнях Чыжа памілавалі. Бязь зьменаў пакінулі забарону на выезд зь Беларусі.
- Пасьля гэтага ранейшы блізкі сябар Лукашэнкі пачаў адчуваць цяжкасьці са сваім маштабным бізнэсам. Фінансавыя разборкі закранулі зьвязаную зь ім кампанію «Трайпл», а таксама «Простормаркет», які належыць сям’і Чыжа. Рашэньне аб ліквідацыі другой кампаніі, якая разьвівала гандлёвую сетку ProStore, прынялі ў сьнежні 2020 году на сходзе акцыянэраў.
- Частку нерухомасьці і актываў кампаніяў прадпрымальніка выставілі на продаж. Сярод іх — кавярня «Залаты грабеньчык» і гарналыжны комплекс «Лагойск».