Украіна ў ноч на 14 жніўня атакавала адразу чатыры вайсковыя аэрадромы ў Расеі. Што вядома

Вайсковы аэрадром у Пскоўскай вобласьці Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Пацярпелі вайсковыя аэрадромы «Варонеж», «Курск», «Савасьлейка» і «Барысаглебск».

Сілы абароны і падразьдзелы Службы бясьпекі Ўкраіны ў ноч на 14 жніўня атакавалі на тэрыторыі Расеі чатыры вайсковыя аэрадромы — «Варонеж», «Курск», «Савасьлейка» і «Барысаглебск».

Як паведаміла ўкраінскае выданьне LB.ua з спасылкай на свае крыніцы, атаку ажыцьцявілі пры дапамозе далёкабойных дронаў падразьдзелы Службы бясьпекі, Паветраных сіл, Сл спэцыяльных апэрацый, Цэнтру бесьпілётных сыстэм, Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны і іншых відаў войскаў Украіны.

«Крыніцы пацьвярджаюць, што гэта была адмыслова сплянаваная апэрацыя, каб вораг ня мог выкарыстоўваць гэтыя аэрадромы для ўдараў КАБамі па лініі фронту і ўкраінскіх гарадах», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея перакідае падразьдзелы з данецкага на курскі кірунак

У Расеі гэтую інфармацыю не камэнтуюць.

«Варонеж» — старая назва вайсковага аэрадрому «Балтымор». Ён знаходзіцца ў межах горада Варонеж. На ім дысьлякуецца 47-ы гвардзейскі авіяцыйны полк (в/ч 45117) 105-й зьмешанай авіядывізіі 6-й арміі вайскова-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны Заходняй вайсковай акругі. У 2011-2013 гадах на аэрадроме базаваліся 24 новыя самалёты-бамбавікі Су-34.

У Курскай вобласьці імаверна йдзецца пра аэрапорт «Курск— Усходні», які выкарыстоўвала як цывільная, так і вайсковая авіяцыя. З 2022 году аэрапорт выконвае толькі вайсковыя функцыі. На ім базуецца 14-ы гвардзейскі зьнішчальны авіяполк Заходняй вайсковай акругі, на ўзбраеньні якога знаходзяцца самалёты Су-30СМ.

«Саваслейка» — авіябаза ў Ніжагародзкай вобласьці, на якой дысьлякуецца філія 4-га Дзяржаўнага цэнтра падрыхтоўкі авіяцыйнага пэрсаналу і вайсковых выпрабаваньняў Міністэрства абароны Расеі.

Аэрадром «Барысаглебск» знаходзіцца ў Варонескай вобласьці на ўсход ад аднайменнага горада. На ім базуюцца зьнішчальнікі Су-25 і самалёты Як-130В, якія таксама могуць выконваць функцыі зьнішчальнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: У акупаваным Расеяй Крыме на аэрадроме Бельбек пашкоджаны склады з палівам і бамбавікі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.