Служба вонкавай выведкі Ўкраіны заклікала грамадзян краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь, якая падтрымлівае агрэсію Расеі.
Украінскія выведнікі пералічылі 4 рызыкі, зь якімі ўкраінцы могуць сутыкнуцца пры паездках у Беларусь:
- украінцы праходзяць празь фільтрацыйныя захады — іх дапытваюць пра мэту прыезду, зьбіраюць асабістыя зьвесткі, высьвятляюць палітычныя погляды і г.д.
- забіраюць асабістыя тэлефоны для глыбейшага аналізу — іх падключаюць да спэцыялізаванага «крыміналістычнага софту», каб сабраць усю інфармацыю з Telegram, Signal, WhatsApp і іншых мэсэнджараў. Паводле ўкраінскай выведкі, гэтая прылада дазваляе аднавіць і скапіяваць нават выдаленыя дыялёгі. На гэтым этапе ёсьць рызыка затрыманьня, бо трактаваньне атрыманай інфармацыі можа быць неперадбачаным і пагражаць крымінальнай адказнасьцю ў выглядзе пазбаўленьня волі.
- пры наяўнасьці інфармацыі або перадачы зьвестак, якія ўлады Беларусі лічаць адчувальнымі, або дэпартуюць з краіны, або выстаўляюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме, за якія пагражае крымінальная адказнасьць.
- за грамадзянамі Ўкраіны ў Беларусі, як і на тэрыторыі Расеі, пільна сочаць спэцыяльныя службы і міліцыя.
«Памятайце, прымаючы рашэньне пра паездку на тэрыторыю Беларусі, што вашыя правы могуць парушыць у кожны момант», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні вонкавай выведкі Ўкраіны.
Што папярэднічала
У Беларусі затрымлівалі і судзілі грамадзян Украіны паводле абвінавачаньняў у шпіянажы, дывэрсіях і выведцы. Праваабаронцы ня ведаюць, колькі дакладна ў Беларусі затрыманых і асуджаных грамадзян Украіны.
28 чэрвеня паміж Расеяй і Ўкраінай адбыўся абмен палоннымі, сярод якіх былі пяць грамадзян Украіны, арыштаваных на тэрыторыі Беларусі. За пасярэдніцтва ў падрыхтоўцы вызваленьня людзей прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў Ватыкану і Аб’яднаным Арабскім Эміратам.
10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня ў 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генэральнага штабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — дадаў ён.
Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».
Пазьней Міністэрства абароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў.
Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.
МЗС Беларусі ўручыла часовай паверанай у справах Украіны ў Беларусі Вользе Цімуш ноту пратэсту ў сувязі з «парушэньнем мяжы» Беларусі, а таксама прыгразіла «адказам для абароны сваёй тэрыторыі» і закрыцьцём украінскай амбасады ў Беларусі.
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ў адказ на заявы Лукашэнкі падкрэсьлілі, што «беларускі дыктатар не прывёў ніякіх доказаў сваёй безадказнай і правакацыйнай заявы» і што, «з усяго відаць, Лукашэнка спрабуе ўчыніць нейкую правакацыю ў інтарэсах Расеі».