Беларус Вадзім Славіч прабег аматарскі маратон у межах Алімпіяды ў Парыжы 10 жніўня. Трапіць туды хацелі 400 тысяч чалавек. Расказваем пра маратон і гісторыю Вадзіма.
Адзін з 400 тысяч ахвотных
Вадзіму 37 гадоў. Паходзіць з Полацку. Неўзабаве пасьля школы пераехаў у Францыю «па лепшае жыцьцё». Спачатку жыў у Парыжы, апошнія два гады ў Ніцы. Працуе электрыкам.
Сёлета ён узяў удзел у гістарычнай падзеі. Упершыню падчас Алімпійскіх гульняў арганізатары зладзілі паўнавартасны бегавы маратон для аматараў Marathon pour tous Paris 2024. Трапіць туды было складана, ахвочых прабегчы яго назьбіралася каля 400 тысяч. Зь іх арганізатары выбралі 20 тысяч удзельнікаў. Адбіралі зь меркаваньняў бясьпекі. Глядзелі, колькі бегуноў можа зьмясьціць горад. На старт у выніку прыйшло менш — 17,3 тысячы. Яшчэ 20 тысяч чалавек беглі дыстанцыю ў 10 кілямэтраў.
«Гэта ўпершыню ў гісторыі. Усе разумелі значнасьць гістарычнага моманту», — кажа Вадзім.
Падрыхтоўка да забегу пачалася чатыры гады таму. Кандыдаты на маратон меліся бегаць, езьдзіць роварам або плаваць. Вынікі трэніровак дасылалі арганізатарам, за гэта атрымлівалі балы. Трэба было набраць 100 тысяч ачкоў. Сярод тых, хто здолеў, праводзілі лятарэю. Вадзім яе выйграў. Былі і іншыя спосабы прайсьці адбор, таксама зьвязаныя з трэніроўкамі і лятарэяй. Удзел быў бясплатны.
Праходзілі выпадковыя людзі, а ня лепшыя па ўзроўні падрыхтоўкі. Наймаладзейшаму ўдзельніку было 20 гадоў, найстарэйшай удзельніцы — 85. Вадзім ведае, што яна дабегла да фінішу. Са словаў суразмоўцы, маратон беглі каля 40 беларусаў, якія жывуць у Беларусі, Літве, Польшчы і ня толькі. Шмат ягоных беларускіх знаёмых прайшлі адбор, але не змаглі прыехаць, бо, прыкладам, не атрымалі візу.
Шляхам францускіх рэвалюцыянэраў
Аматары беглі дакладна такую ж трасу, як і прафэсіяналы. Маршрут быў самы складаны ў гісторыі Алімпійскіх гульняў. Звычайна маратон робяць у некалькі колаў у цэнтры гораду на плоскім рэльефе. А гэты паўтараў шлях францускіх рэвалюцыянэраў. Цягнуўся ад мэрыі Парыжу празь Люўр, Эйфэлеву вежу да Вэрсалю і назад. Там былі пад’ёмы вышыні амаль на 500 мэтраў.
«Многія людзі пацярпелі на гэтых узгорках», — заўважае Вадзім.
Уся траса была абгароджаная, так робяць не заўсёды. Харчаваньне і вада стаялі кожныя 2,5 кілямэтра, а ня кожныя пяць, як звычайна. Было шмат валянтэраў, кажа суразмоўца.
Заўзятараў і гледачоў на аматарскім маратоне было значна больш, чым на прафэсійным. Прафэсіяналы беглі а восьмай ранку, калі многія яшчэ сьпяць або робяць хатнія справы. А аматары — а дзявятай вечара. Фінішавалі ўжо за поўнач. Усіх падзялілі на групы паводле спартовых паказчыкаў. Вадзім бег у першай. Тыя, хто абраў дыстанцыю ў 10 кілямэтраў, выбягалі апошнімі і фінішавалі каля 4–5-й ранку.
Заўзятарам, каб трапіць на алімпійскі стадыён, таксама трэба было выйграць лятарэю. Але каб падтрымаць людзей уздоўж трасы, пропускі былі не патрэбныя.
«Пераможцы — усе, хто фінішаваў»
Вадзім кажа, што бег ня дзеля лічбаў, а дзеля асалоды.
«Каб адчуць момант. Бо забегаў яшчэ будзе шмат, а вось адчуць дух Алімпіяды была першая магчымасьць. І мы ня ведаем, ці будуць іншыя арганізатары алімпійскіх гульняў такое практыкаваць», — тлумачыць ён.
Самае галоўнае ўражаньне бегуна ад маратону — вялікая колькасьць заўзятараў.
«Я ня думаў, што хтосьці прыйдзе глядзець на звычайных людзей», — кажа ён.
Падчас бегу адзін з гледачоў крычаў усім: «Гульні — гэта вы!». Вадзіму было прыемна, што падтрымлівалі ня толькі сваіх сяброў, крычалі ня толькі пэўныя імёны, а выказвалі салідарнасьць усім.
«Французы ўмеюць заўзець», — мяркуе ён.
Суразмоўца кажа, што ад маратону адчуваў радасьць. На наступны дзень купіў францускія газэты, дзе былі фатаграфіі з аматарскага маратону з надпісамі: «Вы ўвайшлі ў гісторыю алімпійскіх гульняў», «Дні вашай славы прыйшлі» (гэта радок з францускага гімна «Марсэльеза»). Цырымонія закрыцьця Алімпіяды пачалася зь відэакадраў аматарскага маратону. Бег быў адзіным аматарскім кірункам падчас Алімпіяды.
«У гэты момант разумееш, што ўдзельнічаў у нечым маштабным, вялікім... Арганізатары падкрэсьлівалі, што гэта паўнавартасная частка алімпійскіх гульняў», — адзначае Вадзім.
Вадзім прабег з вынікам 3 гадзіны 24 хвіліны. Самы хуткі ягоны маратон у Барсэлёне прайшоў за 2 гадзіны 58 хвілін. Арганізатары алімпійскага аматарскага маратону прынцыпова адмовіліся ад месцаў.
«Пераможцы — усе, хто фінішаваў», — падсумоўвае ён.
Важыў 115 кіляграмаў
Вадзім не рыхтаваўся адмыслова да маратону. Ён проста займаўся спортам у сярэднім па 15 гадзін у тыдзень. Гэта ня толькі бег, але яшчэ ровар і плаваньне. Таксама мужчына практыкуе бег па гарах, займаецца трыятлёнам. Раней мог бегаць па 120 кілямэтраў у тыдзень. Цяпер больш езьдзіць на ровары.
Актыўна займацца спортам Вадзім пачаў каля 10 гадоў таму. Тады ён важыў 110-115 кіляграмаў. Жонка прапанавала пачаць худзець. Спачатку Вадзім хадзіў у сілоўню, але там яму было нудна. Ён усьвядоміў, што на працу езьдзіць на ровары, яшчэ плавае. Не хапае толькі бегу. Так і пачаў. На піку схуднеў да 75 кіляграмаў. Цяпер важыць 82-85 кг.
Праз два гады, у 2016-м, Вадзім прабег свой першы маратон у Барсэлёне. Усяго за ім ужо шэсьць маратонаў. Але прызнаецца, што на вынік бег толькі самы першы, рэшту — дзеля прыемнасьці, за кампанію з жонкай і сябрамі. Зрабіў таксама тры палавінкі ironman’аў, дзе спалучаныя бег, плаваньне і ровар.
Адзін зь сяброў Вадзіма — расейскі блогер Ільля Варламаў. Зь ім Вадзім прабег два маратоны. Не выключае, што Ільля пачаў вучыць беларускую мову празь яго, хоць сам Вадзім часьцей гаворыць на расейскай мове. Запэўнівае, што блогер вучыць мову па-сапраўднаму, а ня дзеля хайпу.
На пачатку году ў сям’і Славічаў нарадзіўся сын. Вадзім прызнаецца, што зь дзіцем стала цяжэй трэнавацца. Раней у нядзелю ён мог пабегчы трэнавацца ў горы. Цяпер разумее, што жонцы адной будзе цяжка з малым. Часам бегае з вазком, у якім сын.
Суразмоўца кажа, што спорт дае яму ўпэўненасьць у сабе.
«Я не баюся ісьці на сумоўе па працы. Я паўдзельнічаў ужо прыкладна ў 150 спаборніцтвах. Гэта вельмі дапамагае кіраваць стрэсам. Бываюць цяжкія гонкі, у гарах, дзе ты адзін, халодна... Спорт уплывае на іншыя сфэры жыцьця. Я менш п’ю, не куру, правільна харчуюся», — тлумачыць ён.
«Паўсюль, дзе я бегаў у Беларусі, я бегаў адзін»
Вадзім двойчы бегаў паўмаратон у Гомлі. Мяркуе, што ў Беларусі пакуль мала бегавых спартовых падзеяў. Але думае, што гэта пэрспэктыўны кірунак для краіны.
«У Беларусі трэба падымаць агульную культуру спорту. Калі будзе попыт, будзе прапанова. Калі вы будзеце бегчы па набярэжнай у Ніцы, вы сустрэнеце сотні бегуноў, калі гадзіну — то можаце налічыць іх тысячы. Калі я бегаў у Гомлі ў 2019–2020 гадах, то часьцей я быў адзін. Тое самае ў Полацку, у Нарачы. Паўсюль, дзе я бегаў у Беларусі, я бегаў адзін», — кажа суразмоўца.
Ён мяркуе, што прычына малой цікавасьці да спорту — агульная беднасьць насельніцтва, бо людзі думаюць перадусім пра базавыя патрэбы, а не пра самарэалізацыю. Суразмоўца кажа, што па бегавой аплікацыі можна паглядзець, колькі чалавек займаецца ў той ці іншай краіне. У багатых краінах бегуноў шмат, у бедных мала.
«Бегаў ранкам, калі туман, па Вэнэцыі»
Яркія ўражаньні ў Вадзіма былі ад першага маратону, ад першага «айранмэна», калі прабег 10 кілямэтраў за 35 хвілін. Але ён адзначае, што больш яго захапляюць трэніроўкі. Ён шмат падарожнічае і паўсюль стараецца займацца спортам.
«Гэта былі прыгожыя прыродныя месцы. Я забягаў на вулькан Этна, бегаў у Гвадэлюпе. Бегаў ранкам, калі туман, па Вэнэцыі. Вельмі прыгожа ў Карпатах у Румыніі, на Мадэйры, на Мартыніцы. Спаборніцтвы ўсе прыкладна аднолькавыя. Маратон у Рыме вы бежыце 10 хвілін па прыгожым цэнтры гораду, а рэшту па ўскрайках, якія так сабе, а напрыканцы зноў бачыце прыгажосьць», — расказвае бягун.
Вадзім трэнуецца ў добрай экіпіроўцы, мяркуе, што гэта важна. Бегае пад розную музыку: ад NRM да рэпу і опэры.
«Калі лірычны настрой і вы бежыце па палях Тасканы, чаму б не ўключыць Андрэа Бачэльлі?» — кажа ён.
Да канца году Вадзім бы хацеў прабегчы нейкі маратон на час, каб паказаць добры вынік. Некалі хацеў бы ўзяць удзел у бегавых спаборніцтвах у гарах Францыі, у Шымані.