Паводле зьвестак сыноптыкаў, тэмпэратура паветра ў краіне пачне падвышацца ўжо зь серады 14 жніўня, паведамляе Белгідрамэт.
Калі сёньня, 13 жніўня, максымальная тэмпэратура днём па Беларусі склала ад +19°С на поўначы краіны (у Віцебску) да +23-25°С на поўдні (у Берасьці), ужо з 14 жніўня тэмпэратура пачне паступова расьці.
Паводле зьвестак Белгідрамэту, 14 жніўня максымальная тэмпэратура днём у Беларусі складзе +21...+27°С. Чакаецца пераменная воблачнасьць, уначы і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца туман.
15–16 жніўня надвор’е працягне вызначаць вобласьць павышанага атмасфэрнага ціску. 15 жніўня чакаецца пераменная воблачнасьць, пераважна без ападкаў, уначы і раніцай месцамі слабы туман, максымальная тэмпэратура ўдзень складзе ад +22°С па паўночным усходзе да +30°С па паўднёвым захадзе Беларусі.
16 жніўня пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём месцамі па захадзе Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Максымальная тэмпэратура паветра ўдзень +23...+30°С, па паўднёвым захадзе Беларусі да +32°С.
Паводле сайту meteo.by, які дае больш доўгатэрміновыя прагнозы, рост тэмпэратуры паветра чакаецца ў Беларусі і ў наступныя дні.
Так, на 18 жніўня на поўначы Беларусі, у Віцебску, чакаецца да +28...+29°С, у Менску — +27...+28°С, на поўдні краіны — +31...+32°С у Берасьці і +32...+33°С — у Гомлі (такую ж тэмпэратуру прагназуюць у Гомлі і ў панядзелак 19 жніўня).
У цэлым па Беларусі, паводле доўгатэрміновага прагнозу meteo.by на 10 дзён, сьпёка паступова пачне спадаць з панядзелка 19 жніўня.
У ліпені 2024 году ў Беларусі сыноптыкі зафіксавалі шэраг тэмпэратурных рэкордаў.
Рэкамэндацыі МНС у выпадку сьпёкі:
- як мага менш знаходзіцца на сонцы, асабліва ў пэрыяд яго максымальнай актыўнасьці — з 12.00 да 16.00;
- карыстацца галаўнымі ўборамі, парасонамі, насіць лёгкае адзеньне з натуральных тканін і не забываць пра сонцаахоўны крэм;
- ужываць як мага больш вадкасьці (ваду, зялёную гарбату, квас), пажадана адмовіцца ад ужываньня алькаголю;
- па магчымасьці абмежаваць паездкі на аўтамабілі;
- ніколі не пакідаць дзяцей у салёне прыпаркаванага аўтамабіля;
- адпачываць ля вады на спэцыяльна абсталяваных пляжах, дзе дзяжураць ратавальнікі;
- наведваць лясы, толькі калі няма забароны на наведваньне, разводзіць вогнішчы толькі ў спэцыяльна адведзеных месцах, на бясьпечнай адлегласьці ад будынкаў і дрэваў, не пакідаць агонь без нагляду.