Расейскія вайскоўцы пры нападзе на поўнач Украіны карысталіся нумарамі беларускіх апэратараў

Наступствы расейскіх абстрэлаў Чарнігава на пачатку красавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Сьледчыя зьвярнуліся ў суд па дазвол на атрыманьне зьвестак ад украінскіх апэратараў, што забясьпечвалі роўмінг для беларускіх і расейскіх нумароў у часе расейскай акупацыі Чарнігаўскай вобласьці.

Ва Ўкраіне адразу ў некалькіх справах, якія тычацца ваенных злачынстваў вайскоўцаў расейскай арміі, сьледчыя вывучаюць сыгналы і перамяшчэньні ўласьнікаў тэлефонных нумароў беларускіх мабільных апэратараў.

Як стала вядома Свабодзе з судовых дакумэнтаў, «расейскія вайскоўцы з 24 лютага 2022 году да 1 красавіка 2022 году выкарыстоўвалі абанэнцкія нумары Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь».

Сьледчыя зьвярнуліся ў суд па дазвол на атрыманьне зьвестак ад украінскіх апэратараў, якія забясьпечвалі роўмінг для беларускіх і расейскіх нумароў, каб вызначыць, хто імі карыстаўся, а таксама атрымаць інфармацыю пра магчымых сьведак і відавочцаў злачынстваў.

Як адзначаецца ў судовых рашэньнях, гэтыя зьвесткі таксама дазволяць вызначыць кола сувязяў расейскіх вайскоўцаў да і пасьля іх злачынстваў і маршруты іхнага перамяшчэньня.

Гэтыя захады цяпер ажыцьцяўляюцца мінімум у трох крымінальных справах, заведзеных супраць расейскіх вайскоўцаў — аб выкраданьні жыхара аднаго з населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласьці, якога, імаверна, вывезьлі празь Беларусь у Расею, аб абстрэлах Чарнігаўскай вобласьці, а таксама аб згвалтаваньні ўкраінкі ў сяле Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. У апошняй справе асобу расейскага вайскоўца пакуль не ідэнтыфікавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт Шайгу і Герасімава


24 лютага 2022 году расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі і Расеі напалі на Сумскую, Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці. У канцы сакавіка 2022 году расейцы вымушаныя былі адысці за межы Ўкраіны ў гэтых рэгіёнах.

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей сталі вядомыя масавыя факты жорсткага абыходжаньня расейскіх вайскоўцаў з цывільнымі. Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласьці сталі сымбалямі жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў у дачыненьні да цывільнага насельніцтва. Аналягічныя катаваньні пазьней фіксавалі і ў іншых украінскіх гарадах Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей.

Праваахоўныя органы Ўкраіны па выніках расейскай акупацыі толькі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама на ўкраінскіх калябарантаў.

На вызваленых ад расейцаў украінскіх тэрыторыях зафіксавалі ня менш за 5079 выпадкаў катаваньняў і выявілі больш за 100 месцаў жорсткага абыходжаньня з насельніцтвам (так званыя «катоўні»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прастрэлілі нагу, зламалі рэбры, трымалі ў маразільніку. Пацярпелы расказаў, як расейцы вывозілі палонных з Кіеўшчыны ў Беларусь