Украіна кантралюе каля 1000 кв. км тэрыторыі РФ. Зяленскі ўпершыню наўпрост заявіў пра апэрацыю ў Курскай вобласьці

Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню наўпрост згадаў баявыя дзеяньні ЎСУ ў Курскай вобласьці.

У афіцыйным Telegram-канале кіраўніка Ўкраіны гаворыцца:

«Важнейшым быў даклад галоўнакамандуючага Аляксандра Сырскага аб нашых абарончых дзеяньнях на фронце і апэрацыях у Курскай вобласьці. Мы ўдзячныя ўсім салдатам і камандзірам за стойкасьць і рашучасьць дзеяньняў. Сярод іншага, міністру ўнутраных справаў, іншым прадстаўнікам ураду і Службе бясьпекі Ўкраіны даручана падрыхтаваць гуманітарны плян для тэрыторыі правядзеньня апэрацыі.

У сваім дакладзе на стаўцы Аляксандар Сырскі паведаміў, што ЎСУ кантралююць каля 1000 квадратных кілямэтраў тэрыторыі РФ.

Яшчэ некалькі даручэньняў. Каардынацыйнаму штабу, ГУР, СБУ і МУС — падрыхтаваць ясную і празрыстую стратэгію вяртаньня нашых людзей з расейскага палону. Міністэрству абароны і дыпляматам — прадставіць пералік неабходных дзеяньняў з нашага боку для атрыманьня дазволу нашых партнэраў на выкарыстаньне зброі далёкага дзеяньня для абароны нашай тэрыторыі».

  • 28 населеных пунктаў у Курскай вобласьці на дадзены момант знаходзяцца пад кантролем Узброеных сіл Украіны. Пра гэта падчас нарады з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара вобласьці Аляксей Сьмірноў.
  • Ён таксама сказаў, што лінія баявых сутыкненьняў размытая і нестабільная. Украінскія войскі праніклі прыкладна на 40 кілямэтраў углыб расейскай тэрыторыі. Усяго зона баёў і ўкраінскага кантролю складае прыкладна 480 квадратных кілямэтраў. Невядомы лёс дзьвюх тысяч мясцовых жыхароў, якія знаходзяцца ў сёлах, узятых украінскімі войскамі пад кантроль. Сувязі зь імі няма.
  • Сьмірноў паведаміў, што з пачатку ўварваньня ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Курскай вобласьці 6 чэрвеня загінулі 12 мірных жыхароў. 121 чалавек быў паранены, сярод іх 10 дзяцей.
  • Выканаўца абавязкаў губэрнатара сказаў, што з Курскай вобласьці былі эвакуаваныя або выехалі самастойна ўжо 121 тысяча жыхароў, а яшчэ каля 180 тысяч чалавек маюць патрэбу ў эвакуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Курскай вобласьці прызналі страту кантролю над 28 населенымі пунктамі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.