Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».
У ліпені «Вясна» паведамляла, што ў наваполацкую калёнію № 1 кожны дзень прыяжджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні.
Таксама ў апошнія тыдні актывізаваўся Юры Васкрасенскі — ён тэлефануе родным палітвязьняў і расказвае ім пра ўмовы і акалічнасьці памілаваньня, агітуючы, каб іх сваякі за кратамі напісалі прашэньне на імя Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Круглы стол“ фактычна згарнуў дзейнасьць». Юры Васкрасенскі расказаў, куды ён зьнік і чым займаецца цяпер
Як нагадвае інфармацыйнае агенцтва «Позірк», раней пра «масавы збор прашэньняў аб памілаваньні ад палітвязьняў у калёніях, турмах і папраўчых установах адкрытага тыпу» паведамляла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.
На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамілі пра вызваленьне 18 палітвязьняў. Адзін зь іх — асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Пасьля стала вядома пра выхад на волю Дар’і Лосік, Тамары Астрэйкі, Сьвятланы Лупач, Кацярыны Мадзянковай і Паліны Палавінкі.
Усе названыя жанчыны ўтрымліваліся ў папраўчай калёніі № 4 у Гомлі. У пэрсанальных картах на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» адзначана, што яны вызваленыя па амністыі ці памілаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызваленьня- Васкрасенскі падчас электаральнай кампаніі 2020 году быў валянтэрам каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, цяпер палітвязьня Віктара Бабарыкі. Быў затрыманы, амаль два месяцы знаходзіўся ў СІЗА КДБ па абвінавачаньні па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў). Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
- Пасьля перайшоў на бок улады, стварыўшы ў канцы 2020 году ў якасьці «апэратара нацыянальнага грамадзка-палітычнага дыялёгу ад апазыцыі» інфармацыйна-аналітычную ўстанову «Круглы стол дэмакратычных сілаў».
- У 2021–2022 годзе ўстанова актыўна арганізоўвала мерапрыемства ў рамках «канстытуцыйнай рэформы», Васкрасенскі быў актыўна задзейнічаны ў прапагандысцкіх праграмах, роліках, інтэрвію.
- У траўні 2024 году ўстанова знаходзілася ў стадыі самаліквідацыі.