Відэа Міністэрства абароны Расеі, якія нібыта сьведчаць пра «пасьпяховыя ўдары» па ўкраінскіх сілах у Курскай вобласьці РФ, зьнятыя даўно і ў іншых месцах,пішуць расьсьледвальнікі выданьня The Insider.
У якасці прыкладу выданьне прыводзіць відэа, апублікаванае 10 жніўня расейскім дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам РИА «Новости» са спасылкай на Мінабароны РФ. У роліку нібыта паказаны расейскія ўдары ў памежным раёне Курскай вобласьці РФ, але насамрэч гаворка ідзе пра здымкі ўдараў па гарадах Крэмень і Часаў Яр Данецкай вобласьці Ўкраіны. Выданне публікуе спасылкі на гэтыя відэа.
Аналягічную зьмену выданьне выявіла ў апублікаваным Мінабароны РФ 9 жніўня відэа аб нібыта новых ударах расейскай арміі ў Сумскай вобласьці. Як высьветлілі журналісты The Insider, гаворка ідзе пра відэазапіс, апублікаваны расейскім дзяржаўным агенцтвам ТАСС сёлета 14 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі гаюн» адпрэчвае заявы Лукашэнкі пра зьнішчэньне ўкраінскіх дронаў над БеларусьсюПаводле расейскіх праваенных блогераў і заходніх СМІ, украінскае войска ўвайшло на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі 6 жніўня, і з таго часу ў рэгіёне працягваюцца баі. Украінскія ўлады наўпрост не камэнтуюць сытуацыю. Аднак позна ўвечары 10 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўскосна пацьвердзіў інфармацыю аб прасоўванні ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласьці Расеі, заявіўшы пра «выцісканьне вайны на тэрыторыю агрэсара».
Застаецца няясным, колькі ўкраінскіх вайскоўцаў бярэ ўдзел у апэрацыі — паводле розных ацэнак, ад 1100 да «некалькіх тысяч».