Армія абароны Ізраілю выпусьціла папярэджаньні ў сэктары Газа на поўначы горада Хан-Юніс улёткі з заклікам да мясцовых жыхароў эвакуявацца ў іншую гуманітарную зону, паведамляе The Times of Israel.
Раён Аль-Джалаа ў Хан-Юнісе больш ня будзе лічыцца часткай гуманітарнай зонай, паколькі ЦАХАЛ плянуе правесьці там апэрацыю супраць баевікоў экстрэмісцкай групоўкі ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і краінах Эўразьвязу), адзначае выданьне.
Ізраільскія вайскоўцы заяўляюць, што карэктуюць гуманітарную зону на аснове «дакладных зьвестак выведкі, якія ўказваюць на тое, што ХАМАС разьмясьціў у гэтым раёне тэрарыстычную інфраструктуру».
Паводле Арміі абароны Ізраілю, раньняе папярэджаньне накіраванае на зьмякчэньне шкоды мірнаму насельніцтву. Заклікі да эвакуацыі распаўсюджваюць сярод жыхароў Хан-Юніса ў тым ліку праз СМС-паведамленьні, тэлефонныя званкі і трансьляцыі ў СМІ на арабскай мове.
Крыніца The Times of Israel у ваенных структурах паведаміла, што бальніцы ў гэтым раёне «ня маюць патрэбы ў эвакуацыі». Паводле крыніцы, ізраільскія вайскоўцы праінфармавалі аб гэтым палестынскае Міністэрства аховы здароўя і прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці.
- Ізраіль праводзіць у сэктары Газа ваенную апэрацыю ў адказ на напад ХАМАС на поўдзень краіны 7 кастрычніка 2023 году. Тады ў Ізраілі загінулі больш за 1200 чалавек, больш за дзвесьце былі захопленыя ў палон і вывезеныя ў Газу. Некаторыя дасюль застаюцца ў закладніках. Ізраіль заяўляе, што яго мэты — поўнае зьнішчэньне ХАМАС і вяртаньне захопленых джыхадзістамі людзей.
- Паводле падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, у выніку ізраільскіх абстрэлаў загінулі каля 40 тысяч палестынцаў, як сьцьвярджаецца, у асноўным жанчын і дзяцей. Ізраіль называе гэтыя ацэнкі значна завышанымі. Амаль усё насельніцтва Газы было вымушана пакінуць свае дамы і перамясьціцца ў лягеры для ўцекачоў.