Беларускіх і расейскіх атлетаў, якія выступаюць на Алімпіядзе ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў без свайго сьцяга і эмблемы, дапусьцяць да ўдзелу ў цырымоніі закрыцьця Алімпійскіх гульняў 11 жніўня, паведамляе Reuters са спасылкай на заяву Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Выканкам МАК вырашыў, што індывідуальныя нэўтральныя спартоўцы могуць удзельнічаць у цырымоніі закрыцьця Алімпійскіх гульняў. Рашэньне прынятае на падставе таго, што ў цырымоніі закрыцьця ўдзельнічаюць не каманды, а ўсе спартоўцы разам. Сьцяга індывідуальных нэўтральных спартоўцаў падчас цырымоніі закрыцьця ня будзе.
Беларускіх і расейскіх спартоўцаў не дапусьцілі да цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў 26 ліпеня, калі каманды прайшлі на лодках па рацэ Сене.
- Камандам зь Беларусі і Расеі забаранілі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Абмежавальныя меры ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.
- Беларускія і расейскія спартоўцы выступалі на Гульнях у нэўтральным статусе (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў). Агулам у Алімпіядзе ў Парыжы ўзялі ўдзел 17 спартоўцаў зь Беларусі ў дзевяці відах спорту і 15 спартоўцаў з Расеі — у пяці. ю
- Беларусы на гэтых Алімпійскіх гульнях заваявалі 4 мэдалі (1 залаты, 2 срэбраныя і 1 бронзавы), расейцы — 1 срэбраны.