Гэтыя «злачынныя дзеяньні», адзначыла зьнешнепалітычнае ведамства, «радыкальна эскалююць сытуацыю і ўяўляюць сабой небясьпечную спробу расшыць зону наяўнага ў <...> рэгіёне канфлікту».
«Пры гэтым далучыць спрабуюць Беларусь, якая нязьменна выступае за ўрэгуляваньне крызісу і спыненне кровапраліцьця, — заяўлена ў камэнтары. — Такія крокі робяцца украінскім кіраўніцтвам пры відавочным папушчальніцтве або нават падбухторваньні вядомых зьнешніх гульцоў. Рашуча заклікаем гэтыя бакі перадумаць і спыніцца».
Звяртаючыся да «народаў суседняй Эўропы», МЗС папярэдзіла, што «ў выпадку пашырэньня канфлікту пажар ахопіць увесь рэгіён і перакінецца ў тым ліку на краіны ЭЗ» — «пераможцаў ня будзе» — і заклікаў «астудзіць сваіх ваяўнічых палітыкаў».
«У сувязі з небясьпекай сытуацыі і глябальнымі рызыкамі МЗС Беларусі неадкладна давядзе падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт да профільных структур ААН і АБСЭ, а таксама да членаў міжнародных арганізацый і аб’яднаньняў, удзельнікам якіх зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, — паведаміла ведамства. — Намі таксама будуць ініцыяваныя адпаведныя кансультацыі са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі, а таксама па лініі міжнародных структур».
«Зразумела, Беларусь будзе ў поўнай меры выкарыстоўваць сваё права на самаабарону і належным чынам адказваць на любыя правакацыі або варожыя дзеяньні», — гаворыцца ў камэнтары.
- 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў нібыта парушэньні паветранай прасторы Беларусі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускія войскі зьбілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказаньне Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў «на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».
- Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасьць сытуацыяй у гэтым расейскім рэгіёне і салідарызавалася зь яго жыхарамі, а таксама асудзіла Ўкраіну за «бессэнсоўную авантуру».
- Адметна, што ў сытуацыі, якая склалася ў Курскай вобласьці, расейская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесьці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраваньні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзення апэрацыі ў РФ.