У лісце расейскага пастаяннага прадстаўніцтва пры міжнародных арганізацыях у Вене сьцьвярджаецца, што фрагмэнты снарадаў знайшлі 8 жніўня ў тым ліку ў раёне перапрацоўкі радыеактыўных адкідаў.
Паводле расейскіх дыпляматаў, прамых абстрэлаў горада Курчатава, дзе знаходзіцца атамная электрастанцыя, самой АЭС і аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры не зафіксавана. Пры гэтым у горадзе і на станцыі захоўваецца напружаная сытуацыя, гаворыцца ў дакумэнце.
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі раней заявіў, што арганізацыя ўважліва сочыць за сытуацыяй вакол Курскай АЭС, і заклікаў Расею і Ўкраіну праяўляць стрыманасьць, каб не дапусьціць аварыйных сытуацый на станцыі. Гросі таксама падкрэсьліў, што падтрымлівае сувязь з Масквой і Кіевам.
- Украінская армія ўвайшла на тэрыторыю Курскай вобласьці 6 жніўня. З таго часу ў рэгіёне працягваюцца баі.
- 9 жніўня ў сацсетках распаўсюджвалася відэа, у якім украінскія вайскоўцы сьцьвярджалі, што ўзялі пад свой кантроль горад Суджа Курскай вобласьці. Кіраўнік горада Віталь Слашчоў гэтыя паведамленьні адпрэчыў.
- У Курскай вобласьці з 7 жніўня аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзвьюх іншых прымежных з Украінай абласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
- Украіна пакуль ніяк афіцыйна не камэнтавала інфармацыю аб баявых дзеяньнях у Курскай вобласьці Расеі.