У выніку авіяўдару Ізраіля па школе ў Газе загінулі больш за 100 чалавек, яшчэ дзясяткі параненыя, паведамляе Reuters са спасылкай на ўлады сэктару Газа, падкантрольныя групоўцы ХАМАС, якая прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ. Незалежнага пацьверджаньня колькасьці загінулых няма.
Армія абароны Ізраіля прызнала ўдар па будынку школы, заявіўшы, што ў ім знаходзіўся камандны цэнтар ХАМАС. Адказнасьць за гібель мірных жыхароў Ізраіль усклаў на групоўку ХАМАС, абвінаваціўшы яе ў выкарыстаньні школ і жылых кварталаў у якасьці сваіх базаў.
Выглядае, што гэты ўдар стаў самым сьмяротным за 10 месяцаў вострай фазы барацьбы Ізраіля з ХАМАС, адзначае Associated Press. У школе знаходзіліся палестынцы, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы з прычыны вайны.
Відавочцы паведамляюць, што ўдар нанесьлі без папярэджаньня перад узыходам сонца, калі людзі зьдзяйсьнялі ранішні намаз. Ракет, як сьцьвярджаецца, было дзьве.
- Ізраіль праводзіць у сэктары Газа ваенную апэрацыю ў адказ на напад ХАМАС на поўдзень краіны 7 кастрычніка 2023 году. Тады ў Ізраілі загінулі больш за 1200 чалавек, больш за 200 былі захопленыя ў палон і вывезеныя ў Газу. Некаторыя застаюцца ў закладніках дасюль.
- Ізраіль заяўляе, што ягоная мэта — поўнае зьнішчэньне ХАМАС. Паводле зьвестак падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, у выніку ізраільскіх абстрэлаў загінулі амаль 40 тысяч палестынцаў — у асноўным жанчын і дзяцей. Незалежнага пацьверджаньня гэтым зьвесткам няма. Амаль два мільёны з 2,3 мільёна сталі ўцекачамі і зараз туляцца ў намётавых лягерах на поўдні сэктару Газа.