Пра гэта піша «Наша ніва».
Алімпійскай чэмпіёнкай у Парыжы стала яе выхаванка Дар’я Варфаламееў, якая выступае за Нямеччыну.
Юлія Раскіна працуе ў Нямеччыне з 2015 году і там трэнуе эмігрантак з Расеі Маргарыту Коласаву і Дарʼю Варфаламееву (у нямецкай мове ў прозьвішчаў няма роду, яны выступаюць пад прозьвішчамі мужчынскага роду — Коласаў і Варфаламееў).
17-гадовая Варфаламееў была перад Алімпійскімі гульнямі ў Парыжы відавочнай фаварыткай, тым больш што на іх не было расеек, якія ў гэтым відзе спорту заўсёды задаюць тон. Пасьля кваліфікацыі, праўда, дзяўчына была толькі другой, але ў фінале выступіла выдатна і апярэдзіла галоўную суперніцу баўгарку Барану Калейн.
Маргарыта Коласаў заняла чацьвёртае месца, прапусьціўшы наперад італьянку Софію Рафаэлі.
Юлія Раскіна ў 2022 годзе, калі Варфаламееў узяла ажно 5 мэдалёў на чэмпіянаце сьвету, стала нямецкай трэнэркай году.
У 2020 годзе Раскіна публічна выступіла супраць гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэлфі карэйцаў, пабіты конь, баскетбол пасьля турмы. Нечаканасьці і скандалы Алімпіяды ў Парыжы