За чатыры гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі не спыніліся рэпрэсіі, наадварот — сытуацыя крытычна пагоршылася, адзначаюць праваабаронцы.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў лічбах расказвае пра сытуацыю з масавымі рэпрэсіямі за чатыры гады.
- За чатыры гады з прычыны палітычнага перасьледу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
- За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсіяў: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманьняў, допытаў і інш.
- За чатыры гады колькасьць прызнаных палітвязьняў вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёньня — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязьняў.
- Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных справаў.
- 1140 палітвязьняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
- 51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаваньні.
- Сёлета 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці». Але, тым ня менш, некаторых палітычных зьняволеных усё ж вызвалілі паводле гэтай амністыі.
- Мінімум 2671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Шасьцёра палітвязьняў памерлі за кратамі. Гэта Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
- Пяцёра чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманьняў. Гэта Аляксандар Віхор, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.
- Шасьцёра праваабаронцаў знаходзяцца ў няволі. Гэта старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намесьнік Валянцін Стэфановіч, юрыст арганізацыі Ўладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк. Таксама за кратамі знаходзіцца праваабаронца Наста Лойка.
- Супраць грамадзянаў Беларусі распачата 114 завочных крымінальных справаў.
- Мінімум 268 палітвязьняў знаходзяцца ў асаблівай рызыцы за кратамі. Сярод іх — 19 чалавек з інваліднасьцю, 103 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 — людзі сталага веку, чый узрост перавышае 60 гадоў, 10 чалавек — з мэнтальнымі разладамі. 23 маладых людзей затрымалі непаўналетнімі, сярод палітзьняволеных — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абое бацькі за кратамі.
- Не менш за 1325 жанчын асудзілі паводле крымінальных справаў. 179 зь іх цяпер утрымліваюцца ў месцах зьняволеньня. 435 маюць статус былых палітзьняволеных пасьля СІЗА і калёніяў.