Тэлеграм-канал пра затрымкі міжнародных аўтобусаў
Зьявіўся тэлеграм-канал «Мінсктранса», які паведамляе апэратыўную інфармацыю пра рух міжнародных аўтобусаў. Зьвесткі публікуе менскі аўтапарк № 5. Там можна даведацца, калі адпраўляюцца аўтобусы, якія зь іх чакаюць на мяжы, якія зьмены ў руху праз затрымкі на памежных пунктах пропуску.
Новыя кліпы і альбом беларускіх музыкаў
У беларускай сьпявачкі Iva Sativa выйшаў новы кліп на песьню «Kanapel», натхнёны азярніцамі, або русалкамі.
«Кожны год на адзін тыдзень азярніцы выходзяць з сваіх рэк ды азёраў. Гуляюць па палях і лясах, танцуюць у жыце, сядзяць на галінах дрэваў, сьпяваюць. Так сьпяваюць, што кожны, хто пачуе той сьпеў, пакідае адразу ўсё. І ідзе за імі у ваду. Але калі адна зь іх моцна закахаецца ў хлопца, яна пакідае сябровак і былое жыцьцё і далучаецца да чалавечага сьвету», — напісалі аўтары праекту.
Беларускі гурт Naka пасьля перапынку выпусьціў кліп на песьню Huyovo. Апошні раз музыкі зьбіраліся поўным складам ў 2020 годзе, калі рыхтаваліся да запісу сёмага поўнафарматнага альбому.
«Альбому, які ня выйшаў тады і ня выйдзе пазьней. Паміж тым альбомам і намі — ковід, рэвалюцыя і вайна… вайна, канца і краю якой не відаць… Вядома, ня так я сабе ўяўляла, не з такой песьняй хацела б вярнуцца праз чатыры гады, чатыры надзвычай страшныя гады, але… маємо те, що маємо… цешыць толькі тое, што гэта сапраўды не апошняя песня гурту Naka», — напісала ў сацыяльных сетках салістка рок-гурту Анастасія Шпакоўская.
Авант-джазавы гурт Fantastic Swimmers выпусьціў новы альбом Epistaxis. Ён зьявіўся на пляцоўцы Bandcamp.com. У запісе адной з сэсіяў у варшаўскай студыі ўдзельнічалі Яўген Барышнікаў (дуда), Сяргей Доўгушаў (ліра, вакал), Пятро Мелех (клярнэт), Войтэк Трачык (кантрабас), Віктар Сямашка (фартэпіяна) і харавы ансамбль Kum-Kuma choir.
Паслухаць альбом можна тут.
Дакумэнтальны фільм пра беларускую мастачку
Фільм «Дзёньнік Анастасіі» Максіма Буйніцкага расказвае пра беларускую мастачку Анастасію Рыдлеўскую і ейнага мужа Аляксея ў эміграцыі. Стужка атрымала «Спэцыяльную згадку» на фэстывалі «Паўночнае зьзяньне».
Цяпер фільм можна паглядзець на плятформе Vodblisk. Ён ідзе на расейскай мове з ангельскімі і літоўскімі субтытрамі. У Беларусі фільм можна паглядзець бясплатна, за мяжой — за 5 даляраў.
Новая кавярня ў Белавескай пушчы
Нацыянальны парк «Белавеская пушча» адкрыў новую кавярню «Лясны кут». Гэта дзявяты пункт грамадзкага харчаваньня ў парку. Ужо працуюць рэстарацыя «Белавеская пушча», тры кавярні — «У лясной», «Сосны», «Лясная казка», а таксама закусачная, два бары пры гатэлях і буфэт.
Пачынаецца сэзон брусьніцаў і журавінаў
У беларускіх лясах ужо дасьпяваюць брусьніцы, а на балотах — журавіны. Паводле беларускага заканадаўства, аблвыканкамы вызначылі тэрміны, калі можна зьбіраць гэтыя ягады.
У Берасьцейскай вобласьці дазволілі зьбіраць брусьніцы з 6 жніўня, а журавіны — з 2 верасьня. У Віцебскай вобласьці брусьніцы можна зьбіраць з 10 жніўня, а журавіны — з 4 верасьня. У Горадзенскай, Менскай і Магілёўскай вобласьцях тэрміны збору брусьніцаў з 8 жніўня, журавінаў — з 4 верасьня.