Сваім чарговым указам № 298 Аляксандар Лукашэнка прызначыў на новыя пасады альбо на новы пяцігадовы тэрмін шэраг судзьдзяў. «Вясна» прааналізавала сьпіс і зьвярнула ўвагу на некаторых «служак Тэміды», чые прозьвішчы найбольш часта сустракаюцца на палітычна матываваных крымінальных альбо адміністрацыйных працэсах.
Так, у Віцебску на падвышэньне пайшоў былы судзьдзя Чыгуначнага раёну Дзяніс Аляксеенка. Яго прызначылі намесьнікам старшыні суду Першамайскага раёну.
У кастрычніку 2021 году Аляксеенка асудзіў актывістаў «Страны для жизни» Алега Баразну і Аляксандра Мацеюка. За публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) ён прысудзіў «хімію» былой палітзьняволенай Веры Струнінай. Таксама ён неаднойчы выносіў адміністрацыйныя пастановы маці палітыка Паўла Севярынца Тацяне Севярынец, віцебскаму актывісту Барысу Хамайду, а таксама палітзьняволенаму філёзафу Ўладзімеру Мацкевічу.
Судзьдзёй Віцебскага абласнога суду прызначаны Юры Урбан, які дагэтуль быў намесьнікам старшыні Першамайскага суду Віцебску.
Урбан толькі паводле вядомых праваабаронцам зьвестак за апошнія чатыры гады вынес 15 абвінаваўчых пастановаў паводле палітычна матываваных адміністрацыйных спраў. Гэта ён прызнаў вінаватым у абразе дзяржаўных сымбаляў былога палітвязьня Паўла Дунаева і прызначыў яму два гады «хатняй хіміі», а таксама асудзіў за абразу Лукашэнкі віцебскага фэльчара Аляксея Мацявіна на 1,5 года калёніі.
На чарговыя пяць год судзьдзёй Цэнтральнага раёну Гомля прызначаны Сяргей Кармановіч, вядомы палітычна матываванымі прысудамі на Гомельшчыне.
За пэрыяд з 2020 году ён вынес некалькі абвінаваўчых прысудаў удзельнікам акцый пратэсту і грамадзкім актывістам. Сярод іх — палітвязень Сяргей Яфімаў, асуджаны на тры гады зьняволеньня паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу, былы палітвязень Дзьмітры Цімашэнка, асуджаны па арт. 364 Крымінальнага кодэксу на два з паловай гады зьняволеньня, былы палітвязень Андрэй Аляшкевіч.
У 2021 годзе на тры гады «хіміі» нібыта за абразу старшыні Гомельскага аблвыканкаму Кармановіч асудзіў вакаліста гурту Gods Tower Уладзіслава Наважылава, а ў 2022 годзе — Дзяніса Самкова і Сяргея Алейніка за ўдзел у акцыях пратэсту, якія адбываліся ў цэнтры гораду ў верасьні 2020 году паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Кармановіч таксама выносіў абвінаваўчыя прысуды Алене Нараленкавай, Андрэю Аляшкевічу, Ігару Альхову і зусім нядаўна — палітвязьню Дзьмітрыю Багачэнку.
На сумленьні гомельскага судзьдзі калі паўсотні пастановаў па адміністрацыйных справах, зьвязаных з пратэставай і журналісцкай дзейнасьцю. Арышты і штрафы ад яго атрымлівалі Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Анатоль Гатоўчыц, Уладзімер Няпомняшчых, Барыс Анікееў, Алена Літвінава і іншыя.
Судзьдзёй Менскага гарадзкога суду на пяцігадовы тэрмін прызначаная Кацярына Чайко, якая раней была судзьдзёй суду Партызанскага раёну Менску.
У сьнежні 2020 году Чайко не задаволіла скаргу аб зьмене меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў дачыненьні да каардынатаркі Валянтэрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай. З 2020 году яна разгледзела 23 палітычна матываваныя адміністрацыйныя справы, вынесла пастановы аб арыштах агулам на 100 содняў і штрафах на агульную суму 2835 рублёў.
Увагу праваабаронцаў выклікаў і «падменны» судзьдзя з Маладэчна Вадзім Петрусевіч, які прызначаны «судзьдзёй суду Маладэчанскага раёну на час знаходжаньня ў сацыяльным адпачынку судзьдзі Ганны Салей, вызваліўшы яго ад пасады, якую займаў у сувязі са знаходжаньнем у сацыяльным адпачынку Ганны Кажура».
У 2021 годзе Вадзім Петрусевіч судзіў былога палітвязьня Сяргея Непагоду паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў з ужываньнем гвалту), прызначыўшы яму тры гады калёніі, чарнобыльца Васіля Крыцкага, хворую на сухоты Людмілу Самак, Ігара Беланожку, Арцемія Картавенкава нібыта за абразу начальніка менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» назвала новую колькасьць палітвязьняў за пэрыяд ад 2020 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць «палітычных» крымінальных спраў у Беларусі дасягнула абсалютнага максымуму, — сацыёляг Коршунаў